Старонка:Домбі і сын.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рыў. Калі запіска была напісана, містэр Домбі заняў ранейшае месца і працягнуў яе Уолтэру.

— Першым чынам, — сказаў ён, — перадайце гэта заўтра містэру Каркеру. Ён паклапоціцца аб тым, каб адзін з маіх служачых вывеў вашага дзядзьку з цяперашняга цяжкага становішча, заплаціўшы належачую суму, і каб умовы звароту гэтай сумы былі вызначаны адпаведна са становішчам вашага дзядзькі. Лічыце, што гэта зрабіў для вас майстар Поль.

Уолтэр, усхваляваны тым, што ў яго руках знаходзіцца сродак вызваліць добрага дзядзьку з бяды, паспрабаваў быў выказаць сваю радасць і ўдзячнасць, але містэр Домбі яго перапыніў.

— Лічыце, што гэта зрабіў майстар Поль, — паўтарыў ён. — Я гэта яму растлумачыў, і ён зразумеў. Больш я нічога не хачу слухаць.

З тае прычыны, што ён паказаў рукой на дзверы, Уолтэру асталося толькі пакланіцца і пайсці. Міс Токс, бачачы, што капітан збіраецца зрабіць тое-ж самае, умяшалася.

— Дарагі мой сэр, — сказала яна, звяртаючыся да містэра Домбі, чыё велікадушша выклікала і ў яе і ў місіс Чык патокі слёз, — мне здаецца, вы сёе-тое пакінулі без увагі. Даруйце мне, містэр Домбі, мне здаецца, па благародству сваёй натуры і дзякуючы ўласцівай велічы, вы ўпусцілі з-пад увагі адну дэталь.

— Няўжо, міс Токс! — сказаў містэр Домбі.

— Джэнтльмен з... інструментам, — прамовіла міс Токс, зірнуўшы на капітана Катля, — пакінуў на стале каля вашага локця...

— Ах, божа мой! — усклікнуў містэр Домбі, адкідючы ад сябе маёмасць капітана, нібы гэта сапраўды былі крошкі. — Забярыце гэта. Я вам удзячны, міс Токс: вы праявілі ўласцівую вам асцярожнасць. Будзьце ласкавы забраць гэта, сэр!

Капітан Катль зразумеў, што яму астаецца толькі падначаліцца. Але ён быў так узрушан велікадушшам містэра Домбі, які адмовіўся ад скарбу, наваленага каля яго, што, паклаўшы чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру ў адну кішэню, а наяўныя грошы ў другую і павольна апусціўшы вялікі кішанёвы гадзіннік у прызначаны для яго склеп, ён не мог утрымацца, каб не ўхапіць левую руку гэтага джэнтльмена сваёй левай і адзінай рукой і, сільнымі сваімі пальцамі трымаючы яе растапыранай, не дакрануцца да яе ў парыве захаплення сваім кручком. Ад такога праяўлення цёплых пачуццяў і ад дотыку халоднага жалеза містэр Домбі ўздрыгануўся ўсім целам.

Затым капітан Катль з вялікім далікацтвам і галантнасцю пацалаваў некалькі разоў свой кручок, вітаючы лэдзі, і, асобна развітаўшыся з Полем і Фларэнс, вышаў разам з Уолтэрам. Фларэнс у парыве пачуццяў кінулася была ўслед за імі, каб