ДВА
ПОВЕСЬЦЬ
1
Чуткі, легэнды, нават байкі, якімі сяляне спавілі яго імя, даляталі і да нас. Усе мы чулі аб маладым вядомым партызане, рабіўшым сапраўды казачна-сьмелыя напады на палякоў. У кожнай вёсцы толькі й гутарак было, што аб ім.
Адзеты ён быў у зрэбную белую кашулю, падпяразаную саматканым паяском, у салдацкія зялёныя і шмат залатаныя нагавіцы на ваце, у белым саламяным капялюшы і ў лапцёх.
Ужо вечарэла, калі ён падышоў да камандзіра палка і са строгім выглядам сказаў:
— Дайце мне адну гармату і чалавек дзесяць чырвонаармейцаў. З імі я разаб‘ю польскую заставу пры Дняпры.
Камандзір палка, Пятроў, з рабочых, малады чырвоназнаменец, падазрона аглядзеў яго і праз вусы ціха ўсьміхнуўся.
Незнаёмец, мусіць, заўважыў гэта, бо зараз-жа выняў нейкія замусьляныя паперы, разгарнуў іх і паказаў камандзіру.
Ніхто, апроч камандзіра, ня ведаў, што было напісана ў гэтых паперах, але, як толькі Пятроў іх прачытаў, адразу-ж загадаў выканаць просьбу незнаёмца.
Хутка, шушукаючай маланкай, перарэзала лягер вестка: сярод нас вядомы Муха — малады паўстанец, граза паноў, вызваліцель сялянства.
Гурткамі пазьбіраліся чырвонаармейцы, бо ўсе жадалі пабачыць гэтага маладога селяніна-віцязя, аб якім так шмат па вёсках хадзіла апавяданьняў.