І чэцьвера зьвярнулі па нейкай лясной сьцежцы, па якой упэўнена вёў незнаёмец, і пачалі спускацца ўніз. Было відаць, што гэта ўжо прыдняпроўскі спуск к берагу.
— Цяпер — ціха! Ні слова! — шопатам скамандаваў правадыр.
— Наводчык, на дрэва! Хлопцы, умацуйце гармату! Толькі, прашу, бяз шуму!
— Ну, што? бачыш польскую заставу? — запытаўся незнаёмец.
— Дык яна-ж тут, як рукой падаць! Як на далоні, — адказаў наводчык.
— Зьбі яе. Адразу. Казаў, што можаш! Замацуй гармату. Добра навядзі і не раней, як праз гадзіну агонь!
І сказаўшы гэта, незнаёмец зьнік.
А праз некалькі хвілін ён ужо быў сярод чакаўшых яго чырвонаармейцаў.
— Хлопцы, за мною! — загадаў малады паўстанец, — к Дняпру!
Ціха-ціха прабіраўся атрад сярод лесу. Нават бяздомны валацуга, вецер, якому ўсё роўна ня было чаго траціць, і той змоўк. Лес нахіліўся над Дняпром — задумаўся. Мусіць і яму ахвота з чырвонаармейцамі — на паноў. Ды дзе-ж сасоньнікам крануцца!
Прырасьлі аднэю нагою к зямлі і — ні з месца!
Задумаўся лес. Нахіліўся… А Дняпро бурчыць сінімі хвалямі. Яму весела… Бяжыць сабе ўніз па плыні, цалуецца з берагамі, усё бачыць ды й пазмагацца можа. Толькі здарыўся б такі выпадак, а ўжо ён пана на дно пацягне…
— Зараз выйдзем да маста. За ім польская застава. Як толькі гармата саб‘е кулямёты з таго боку — за мной. І каб ніводнага жывым ня выпусьціць!!! — скамандаваў паўстанец.
І толькі, калі ноч чорнаю вятровай шальлю нахілілася над вёскай, здалёку пачулася лязганьне капыт.
А яшчэ праз пару хвілін на ўсьпененым кані да хаткі камандзіра палка прыляцеў нехта вярхом.
Крыху парадзіўшыся з ім, камандзір аддаў загад — выступаць.
Ноччу бяз шуму, нават бяз сьпеваў, полк крануўся ў паход.
Вышлі колёнаю, а потым расьцягнуліся на поўвярсты, нібы вялікі хвалюючы па ветру штандар.