Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раніцаю, калі неба во толькі ўбралася ў сінюю хустку, і неабдымныя сасоньнікі толькі-толькі яшчэ спрасоньня пачыналі церабіць свае лахматыя галовы, невялічкі атрад адкалоўся ад палка і хутка за курганамі зьнік.

Сонца пачало ўжо на поўначы пырскаць чырвонымі кроплямі крыві і сьцякаць у дняпроўскія воды, а ніякіх вестак ад пашоўшых ня было.

Непакоіліся хлопцы. Непакоіўся і камандзір. Бо вядома было ўсім, што цяжкае не паводлуг сіл заданьне ўзяў на сябе малады паўстанец.

Кожныя дзесяць хвілін выходзіў камандзір за вёску і глядзеў у бінокль.

Але-ж дарэмна. Аж да самага таго месца, дзе неба сіняю коўдрай захіліла зямлю, нікога ня было відаць.

2

Праз курганы, праз раўчакі і лясы прабіраўся невялічкі атрад. Наперадзе на кані без сядла ехаў хлопец у саламяным капялюшы. Дзіка неяк выглядаў на лясной сьцежцы гэты атрад. Адна гармата, дванаццаць чырвонаармейцаў і трынаццаты камандзір, нават самы малодшы ад усіх і горш за ўсіх адзеты.

Але нічога, што малады: ён пільна глядзеў наперад і на кожнай рытвінцы спыняўся і сачыў за тым, як калёсы перавозілі гармату.

Падзьмухала ўжо сьвежым дняпроўскім ветрыкам, калі малады камандзір кінуў слова:

— Хто ў вас наводчык?..

З атраду чырвонаармейцаў вызначылася фігура і пад‘ехала к хлопцу ў капялюшы.

— Ці можаце вы на чатырыста крокаў зьбіць гармату ворага? — запытаўся незнаёмец.

— Магу, — проста адказаў наводчык.

Назнаёмец абярнуўся, глянуў з нявыразным каханьнем на сваю гармату і запытаўся:

— Як яна завецца?

— Хуткастрэльная. Палявая. 3-ох дзюймовая, 1902-га году, — павайсковаму коратка адказаў наводчык.

— Колькі людзей патрэбна пакінуць вам пры гармаце?

— З двума ўпраўлюся…

Атрад ішоў далей, затулены шырокімі плячыма лесу. Уехалі ў лагчыну.

— Стой! — загадаў ехаўшы на чале атраду. — Наводчык і яшчэ двое — за мною! А вы, хлопцы, крыху пачакайце!