гога з 1.V.1819 таксама назваў сябе, бо пісаў вось як: „Joanni Zimmermano Bohemo Michael Bobrowski Ruthenu S.P.D.“. М. Тэршаковэць прыпісвае гэтыя народныя выяўленьні М. Баброўскага ўплывам тагачаснага прэпозыта ўніяцкай цэркры сьв. Барбары ў Вене Івана Сьнігурскага, пасьля заслужанага ўніяцкага ўладыкі ў Пярэмысьлі. „Як-жа мусіў — піша далей М. Тэршаковэць — быць зьдзіўленым той сам Доброўскі, калі па чатырох гадох з Вільні атрымаў ліст, у якім было напісана: „Viro celeberrimo Jozepho Dobrowski Michael Bobrowski Polonus S.P.D. Vilnae pridie Calendas Quintiles A. MDCCCXXIII“[1]). Дужа мусіў зьдзівіцца патрыарх славістаў, што на ўсход ад Прагі паважныя людзі ў працягу чатырох гадоў зьмяняюць нацыянальнасьць, як рукавічку… Ня гледзячы аднак на гэта, мусімо спагадаць нядолі М. Б., бо быў ён трагічнай ахвярай ліхалецьця нашай цэрквы і нашага народу. У лепшых варунках быў-бы ён надта цэнным працаўніком на ніве ўкраінскай навукі, усёроўна якой: сьвецкай ці духоўнай“. Гэтулькі М. Тэршаковэць. Ад сябе можам дадаць, што ў адпаведных варунках М. Б. быў-бы ня менш цэнным працаўніком і на ніве беларускай навукі. Ведамыя й сяньня падобныя трагэдыі маладушных людзей.
Пасьля гэтага трэцяга лісту М. Б. жыў яшчэ 25 гадоў, каторыя сусім ня сьведчаць аб тым, каб яго польскасьць з часу 1823 г. паглыбілася. Якраз гэныя гады сьведчаць аб сусім адваротным. У 1823 г. назваў ён сябе паляком, але ў 1839 г. разам з Семашкам перайшоў у расейскае праваслаўе. Сусім аднак не перашкаджала гэта яму паміж гэтымі гадамі займацца пісаньнем і выдаваньнем між іншым падручнікаў катахізму для гімназіяў і павятовых школаў. Вось-жа, ці толькі не на гэты пэрыод прыпадае прыпісванае яму аўтарства (паводле праф. М. Біржышкі) беларускай катахізмоўкі, каторай 100-лецьце нядайна адзначала беларуская прэса. (Прыпісваньне-ж кс. В. Гадлеўскім аўтарства гэтай катахізмоўкі віленскаму лацінскаму біскупу А. Клонгевічу мала праўдападобнае).
Поўная супярэчнасьці асоба праф. М. Баброўскага, а так-жа й справа яго нацыянальнасьці, чакае яшчэ на выясьненьне. Сяньня можам толькі сказаць, што хоць М. Баброўскі паходзіў з зямель беларуска-украінскіх, хоць часам называў сябе агульным тады для беларусаў і украінцаў назовам Ruthenus — Русін, а часам нават Паляком, то аднак усей сваей дзейнасьцяй і навуковай працай, усім сваім жыцьцём ад моладасьці да сьмерці[2] быў цалком зросшыся з лёсам беларускага народу.