Перайсці да зместу

Старонка:Да справы нацыянальнасьці прафэсара М. Баброўскага (1935).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якіх між іншым былі свайго роду сымпатыкі і беларускага народу. Такая ўжо была тады мода, што больш паступовы й асьвечаны элемэнт у быўшым Віленскім Унівэрсытэце, запісваўся да тэй арганізацыі, каторая была тады найлепшай рэкамэндацыяй для кожнага, хто меў намер заняць якоенебудзь значнейшае грамадзкае становішча і адыграць у грамадзянстве паважнейшую роль, што так было натуральным у жыцьці маладога і таленавітага М. Баброўскага, паходзячага з старой, але абяднелай, беларускай (украінскай) шляхты на Падлесьсі, у Бельскім пав. Горадзеншчыны. Аткрыў ён сабе гэтым дзьверы да прыгожай у будучыні грамадзкай кар‘еры.

Ня будзем тут спрачацца ані выключаць магчымасьці, што ў гэтым раньнім пэрыодзе яго дзейнасьці, М. Баброўскаму магло здавацца, што ён ужо ёсьць прыродным паляком. Ды бадай мала тады, на мой пагляд, розьніўся такі беларускі ці ўкраінскі „Паляк“ ад тагочаснага Беларуса ці Украінца інтэлігэнта, бо быў заўсёды, да сьмерці Паляком паводле прысвоенай сабе культуры.

Трэба тут дадаць, што паняцьце культуры агулам на пач. XIX в. ня было так зложаным, заборчым і даглыбінным, як сяньня, калі культура і нацыя ў практыцы значыць ужо часта адно й тое самае. Паняцьці гэтыя не пакрываюцца толькі тады, калі далучаецца мамэнт расы, як напр. у Жыдоў, Нэграў, Індусаў і інш. За часаў аднак філярэцкіх у склад паняцьця культуры, асабліва польскай, уваходзіла ня так шмат складовых дзейнікаў і яна нямнога мела вымогаў. Можна было тады лёгка быць Паляком паводле культуры, ані троха не выракаючыся беларускасьці, літоўскасьці, украінскасьці… Сяньня працэс дыфэрэнцыяцыі пад гэтым узглядам дужа многа паступіў наперад і толькі вынятковыя адзінкі — пры тым надта рэдка — могуць у душы сваей захаваць гэткае requilibrium. Магчыма, што гэтага трымаўся ў сваей моладасьці і М. Баброўскі.

Лёс жыцьця памагаў яму зайсёды, каб знашоў сябе ў поўні. Іншая рэч, ці гэныя магчымасьці ён выкарыстаў. Вось у 1817 г. рада Віленскага Унівэрсытэту высылае М. Б. заграніцу, паручаючы яму, каб падчас загранічнай падарожы зазнаёміўся з славянскімі мовамі (там-жа, 127). Прыгожая гэта была падарожа, калі трывала цэлых пяць гадоў (1817—1822). Зачаў яе М Б. ад таго, што ў слаўнай царскай бібліотэцы ў Вене і ў багатай бібліотэцы гр. Оссолінскіх у Львове студыяваў славянскія рукапісы. Пасьля адведвае — пачынаючыя ўжо фэрмэнтаваць нацыянальна — Чэхію, Моравію, Славакію, Краіну, Харвацыю, Славэнію, працуючы чародна ў Празе, Вэлеградзе, Любляне, Рагузе, у Дуброўніку, у Задры… Маючы рэкомэндацыйныя лісты ад Б. Конітора з Вены да чэскіх вучоных збліжаецца наш малады навуковы дасьледнік у Празе з Яз. Доброўскім, В. Ганкай, Юнгманам, Цыммэрманам і з інш. У паложанай на даўнейшых славянскіх землях Вэнэцыі часта спатыкаецца з П. Солярычам, а ў Дуброў-