сейскім гоманцаў, а пачаў і стварыў народніцтва беларускае нацыянальнае[1] і паказаў самастойныя дарогі беларускага нацыянальнага адраджэньня агулам і нацыянальна-палітычнага вызваленьня.
§ 2. Адам Гурыновіч.
Першым і годным спадкабернікам беларускага нацыянальнага народніцтва па Ф. Багушэвічу, а так-жа далейшым колцам у ланцугу беларускай палітычна-вызвольнай думкі, быў Адам Гурыновіч. Пазнаёмімся з ім крыху бліжэй.
Радзіўся ў 1869 г. у двары сваей маткі Кавалёх, Вялейскага пав. Бацька яго — беларускі апалячаны шляхціц, а матка — полька. Дом Гурыновічаў авеены быў лібэралізмам і дэмократызмам. Вучыўся малады Адам сьпярша дома, а пасьля ў віленскай рэальнай гімназіі, па сканчэньні якой уступіў у Пецярбурскі Тэхнолёгічны Інстытут. Пайшоў ён, як бачым, шукаючы навукі, па тэй-жа дарозе, што і Ігнат Грынявіцкі. І той, як памятаем, сьпярша беластоцкі рэаліст, а пасьля пецярбурскі студэнт-тэхнолёг. У Інстытуце Гурыновіч спэцыяльна займаўся справай палепшаньня паравозаў. У гэтым кірунку быў ён быццам ужо на дарозе да важных і цікаўных навуковых вынаходаў. На жаль, навуковыя яго рукапісы разам з часьцяй іншай літаратуры, зьнішчаны перад адным з паліцэйскіх вобыскаў.
У 1893 г. за прыналежнасьць да рэволюцыйнага руху, за праводжаньне ідэяў беларускага нацыянальнага народніцтва, Гурыновіча расейскія царскія ўлады арыштавалі. Здарылася гэта ў Вільні, у ўласным Гурыновічаў доме, пры вул. Пірамонт № 22. Пагоршылася справа, калі сярод яго папераў паліцыя знайшла напісаны Гурыновічам беларускі верш, у якім ён кліча беларускі народ прачнуцца і ськінуць з сябе царскае ярмо. Арыштаваны Гурыновіч апынуўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Пецярбурзе, у якой, прабыўшы блізка год, моцна заняпаў на здароўі; дзеля гэтага быў
- ↑ „…Ідеологом освобожденія Белоруссии через национально-культурное самоопределеніе белоруссов и родоначальником новейшей белорусской литературы явился сын беднаго шляхтича Богушэвич“… (Мал. Сов. Энц. 1930 т. I. Белоруссия).