Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

В. Каратынскі (Музэй Я. Луцкевіча).


В. Каратынскі (Музэй Я. Луцкевіча).

Літэратура Каратынскага. Пісаньне беларускіх вершаў было быццам нейкім дадаткам да літэратурнай працы пісьменьніка ў польскай мове. Надрукавана яго беларускіх вершаў і наагул памятак яго творчасьці ў беларускай мове пакуль што зусім мала. Сярод іх ёсьць такія рэчы: 1) „Уставайма, браццы, за дзела, за дзела“! 2) верш ў альбоме А. Дарэўскага-Вярыгі, 3) элегія „Туга на чужой старане“ і 4) рэволюцыйная вершаваная брошура „Гутарка старога дзеда“.

1. У 1858 годзе ў Вільню прыязджаў цар Аляксандар Другі. Яму паднясьлі альбом, у каторым былі зьмешчаны творы, напісаныя ў тутэйшых мовах. Ад „літоўска - русінскай мужыцкай грамады“ быў у ім беларускі верш Каратынскага „Уставайма, браццы, за дзела, за дзела!“ Пясьняр, карыстаючы з прыгоды віншаваньня цара, каторы едзець на Беларусь, даволі празрыста гаворыць аб тым, якая ноч пануе над родным краем, як цяжка жывецца мужыку-беларусу. І відаць, што Каратынскі меў вольную і чулую душу запраўднага песьняра з пераважаючымі грамадзянскімі настроямі. З літэратурнага боку гэты верш, як на той час, зусім беззаганны; словы ліюцца вагам, плаўна і вольна. Есьць прыгожыя абразы, добра ўжытыя параўнаваньні і розныя іншыя фігуральнасьці. Настрой выдзержаны, як мае быць, спачатку да канца. Мова літэратурная, а блізкая да народнай гутаркі.

2. Лірычны вершык, зьмешчаны ў альбоме А. Дарэўскага-Вярыгі (1858 г.), вызначаецца тым, што паказуець у Каратынскім, як песьняру-грамадзяніну, зусім ясныя пачаткі нацыянальна беларускіх і соцыяльна-народных тэндэнцый: