Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

кі, што паводле Бога і сумленьня павінны-б памагчы адкрыць цёмнаму народу вочы“, гэта, значыцца, сярод абпалячаных вялікіх паноў. Далей ён кажа: „І вось я сяньня ахвярую „Пана Тадэуша“, прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-над Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Вільлі і Нëмна. Можа народ той просты, што з маткай прыродай блізка жывець, прыме гэты гасьцінец ад свайго дудара, што астатнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець“.

Мова пераклада маець ужо розьніцу з жывой народнай гутаркай, аднак, у гэтым няма заганы, а ёсьць заслуга, бо гэта была амаль ня першая спроба нашых новых пісьменьнікаў перайці ад „простай“ гутаркі на грунт чыста-літэратурны. У лексіконе перакладу троху ёсьць зусім нязвычных для нас чужых слоў, асабліва для абстракцыйных разуменьняў, але ясна відаць, як пільна высцерагаўся ад іх перакладчык і як ён здалеў немалыя труднасьці. Так аб гэтым пісаў і Кіркор: „Перакладчык змог нясходаныя труднасьці. Пераклад ня толькі верны, але мова ўсюдых гарманічная, зразумелая і асабліва мягкая“ („Жив. Рос.“, т. III, стр. 327). Бо шмат кніжных беларускіх слоў з нашай залатой пары і гаспадарстванасьці памёрла, а ў цёмным народзе новых падобных ці ня было ці трудна было адшукаць іх, асабліва аднаму чалавеку, абкружонаму непрыязьню да працы. З мовы ж пераклада мы відзім, як у самога Марцінкевіча разьвіваліся пагляды на літаратурнасьць беларускай мовы. Наагул сказаць, пераклад, як першы ў беларускай літаратуры (другі ёсьць зроблены А. Ельскім) і напісаны ў часе нявысокага яе разьвіцьця, можна уважаць за добры, удачны. Сілябічны верш пераклада слабы, з надта даўгімі радкамі (13 складоў).

Пінская шляхта (1866 г.).

Гэтая аднаактовая камэдыя (фарс-водэвіль) малюець нам жыцьцё і панаравы вакалічнай шляхты ў глушы Піншчыны. Сюжэт стары, вядомы кожнай літаратуры: дзеці любяцца, але ня могуць пабрацца, бо бацькі іх вадзяцца. На гэтым фоне Марцінкевіч вельмі задачна і з добрымі жартамі абсьмяяў шляхоцкі гонар, застарэлыя шляхоцкія парадкі, прыхамаці і цемнату, а таксама хабарніцтва маскоўскіх ураднікаў і маскоўскую судовую валакіту. Разам з гэтым добра выстаўлена прыемная прастата шляхоцкага жыцьця ў хатніх справах. Камэдыя напісана надта жыва і сцэнічна. Найлепей змалëваны стара-шляхоцкія партрэты (Ціхон Пратасавіцкі, Іван Цюхай-Ліпскі, Харытон, Куторга), а таксама партрэт „найясьнейшай кароны“ Кручкова і дзелавода Пісулькіна. Адна