Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Стаўроўскія дзяды — другое апавяданьне сьведчыць, што Марцінкевіч добраю парою зьвярнуў з дарогі жартаў на новы шлях, у бок беларускай міфолёгіі. Быццам прыкра зрабілася дыдактыку навучаць народ такімі мізэрнымі прыкладамі, як тыя прыгоды, што здараліся з дурным Зьмітрам, быццам здалося яму, што гэта—нягодны спосаб літаратурнай творчасьці. І ён добра зрабіў, пачаўшы пакланеньне дыдактызму ў сюжэтах міфолёгічных і паважнейшых. Можна толькі шкадаваць, што ў кірунку „Стаўроўскіх дзядоў“ Марцінкевіч не разьвіўся. Тут быў-бы вялікі прастор для яго сантыментальнай романтычнасьці і карысьць для нашай чыста-нацыянальнай творчасьці. У „Стаўроўскіх дзядох“ у Марцінкевіча найболей і выяўляюцца пачаткі сьвядома-нацыянальнага чуцьця, хоць, так сказаць, надворна (крывічы-беларусы, слаўны крывіцкі князь Грамабой, гаспадарстваная тэрыторыя і г. д.). Не натуральна толькі, што аб гэтым апавядае аўтор не сам ад сябе, а ўкладае гістарычна-міфолёгічную веду ў вусны неадукаванага Ананіі. З чыста-літэратурнага боку і гэны твор стаіць нявысока. Ізноў глаўным чынам услаўляецца дабро (ў асобе Касі) і караецца зло (у асобе Мархвы). Ізноў добрая, ды павярхоўная характарыстыка беларускай дзяўчыны (Касі), каторая дужа падобна да кацярынкі ў повесьці „Гапон“. Але тут-жа і даволі цікаўная баечная фабула, і прыгожае апісаньне сьвята „дзядоў“, калі прыходзяць Казьляр і Гусьляр ды прыбягаюць дзяды-сабакі, Стаўры і Гаўры. Эпічным прыгажством, сагрэтым беларускай лірычнай мягкасьцю, вызначаецца многа кавалачкаў з гэтага твора. Вось, для прыкладу, апісаньне страў на „дзяды“:

Боршч з саланінай на стол паявіуся,
Кісла-верашчака за ім з каубасой,
Грэцкімі блінамі абрусок пакрыуся,
А далей крупнік з парасем стралой
Ляцеу у талеркі; вячэра сьвятая!
Бадзялася тут-жа лямешка густая,
Панцак, ягляная са скваркамі каша,
То яда мужыцка!—то пацеха наша!

Цікаўна характарыстыка, дадзеная князю Грамабою. Гэта ўсё той-жа ідэал добрага пана па Марцінкевічу: „Коратка дзяржаў ён радных паноў, не папушчаў у крыўду бедных мужыкоў.“ Баяліся яго, такога пана, аканомы і камісары. Свайму сваяку, літоўскаму князю Віту, памагаў ён проціў паганскай сілы аж да самай Воршы, а калі варочаўся з вайны, усе яго спатыкалі, як родненькага бацьку. Віт „радасну сьлёзку кулаком абцёр.“ Часта абцірае сьлёзы і Ананія,—гэ-