Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

лавіў дабро ў асобе Гапона і Кацярынкі. На здоваль сантыменталізму ён ідэалізуець сваіх улюблёных героеў. І няма ў яго такога ліха, каб ня выйшла на добрае; для добрых усё канчаецца дабром, чуцьцё дабра заўсёды задаволена. Добранькія людцы павінны пакутаваць з прыемнасьцю, бо яны за гэта дастануць нейкую асалоду,—не на гэтым сьвеце, дык на тым. Добранькія людцы дужа часта моляцца, спадзяюцца на бога і вераць, што ëн усë відзіць, хоць і ня скора скажаць. І бог памагае. Так, просты мужык Гапон выходзіць на афіцэра, а простая дзяўчына робіца паненкай,—столькі бяды, што гэтак бывае на вялікія тысячы разоў адзін ці два разы.

Сантыменталізм, аднак, не заўсёды толькі шкодзіць. Так, сьвядома-нацыянальны элемент у повесьці не паказан, несьвядомыя пачаткі яго чуюцца ў народным элеменце твора, яны ёсьць у прыхільнасьці да беларускіх парадкаў жыцьця, у тым, што Гапон-афіцэр не адходзіць ад беларускай мужыцкай грамады, а Кацярына-паненка, гаворачы папанску, значыцца, папольску, не адракаецца ад маткінай беларускай гаворкі, а навет бяжыць туды, дзе яна чуецца.

З соцыяльным элементам повесьці яшчэ горшая справа: ён у поўнай залежнасьці ад панскасьці і сантыментальнасьці аўтора. І ўсё-ж трэба адзначыць тую памяркоўную безстароннасьць, з якой Марцінкевіч малюець адваротныя староны прыгоннага жыцьця, хаця карэнь зла шукаець і ня там, дзе трэба. Гэта яшчэ большая заслуга дзеля таго, што навет паступовыя сучасьнікі рабілі яму закіды за „нагату“ жыцьця. Сыракомля заўважыў яму, што ў повесьці „няма эстэтычнага пагляду артысты, няхват заслоны, якая прыкрыла-бы надта жорсткую нагату самае праўды“; Сыракомля ня мог згадзіцца з тым, што Гапон „памшчаецца“ ворагу-аканому.

З тае прычыны, што сантыменталізму ў самым жыцьці ня было, даволі рытарычнымі выйшлі ў повесьці абразы жыцьця і людзей. Сярод дзеючых асоб твора тыпам можна назваць толькі аднаго аканома.

Аканом.—Абраз аканома таму і выйшаў такім жывым, жыцьцёвым, што аўтор не ідэалізаваў яго, а не стараўся і выдумаць штосьці нязвычайна благое, каб увасобіць у ім зло. Ен сабраў і сьпісаў агульныя, тыповыя чырты панскіх аканомаў таго часу, дадаў колькі знакаў жывога чалавека, і вось выйшаў дапраўды мастацкі тып. Аканом, як натура тупая, а маючая вялікую ўладу над закрэпленымі мужыкамі, перш-наперш страшна б‘ецца:

Калі возьмець драць і біць,
То і з зямлі ня устаць.