Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Ціт і хор мужыкоў — пабеларуску. Зьмешчаныя народныя песьні значна выпраўлены аўторам. Ідэя ў „Сялянцы“ тая, што бог на небе і паноў і мужычкоў зароўна уважаець (як аб гэтым кажаць паном Юлья, пераапранутая пасялянску). Тут першы раз паказаўся марцінкевіцкі сантыменталізм і дыдактычнасьць. Мова дзеючых асоб, што размаўляюць пабеларуску, добрая. У гаворцы войта Навума надта многа сялянскіх прыказак, што часам прыкра кідаецца ў вочы. Наагул-жа „Сялянка“ маець шмат прымет народнай творчасьці, так што некаторыя зьбіраньнікі беларускіх песьняў прыймалі яе памылкова за чыста-народны твор. А была яна даволі пашырана, бо яшчэ ў астатнія гады хадзіла сярод беларускай абпалячанай шляхты ў сьпісках бяз подпісу аўтора. Опэрную музыку да „Сялянкі“ напісаў вядомы польскі композытар-беларус Станіслаў Манюшка, друг Марцінкевіча і таксама родам з Меншчыны. „Сялянка“ была на менскай сцэне і мела вялікі пасьпех. Роль войта Навума згуляў сам Марцінкевіч; ён патым любіў падпісываць свае літаратурныя творы псэўданімам Навум Прыгаворка, ці войт Навум, меў такое празваньне сярод прыяцеляў і любіў яго. Значаньне опэры „Сялянка“ для беларускай літаратуры аказалася ў тым, што польска-беларуская опэра разварушыла беларускія тэндэнцыі сярод шляхты, гэтай значнай часткі нашай тагачаснай інтэлігенцыі.

Гапон (1854 г.).

З часу напісаньня „Сялянкі“ мінуўся дзесятак гадоў. Марцінкевіч жыў найболей у Люцынцы, карыстаў цяпер усімі ўцехамі жыцьця і тымчасам усё бліжэй прыглядаўся да народу. Як чалавек справядлівы, ён відзеў розныя крыўды ў жыцьці прыгоннага сялянства, а як чалавек ад прыроды сантыментальна-романтычны, патрабаваў задаваленьня для свае моральнай чуласьці і знаходзіў яго ў поэтычна-романтычных лятуценьнях. У рэзультаце зьяўляецца яго лепшы твор, повесьць „Гапон“, „у мове беларускага люду напісаная“, (у 1854 г., а надр. у 1855 г.).

У гэтай повесьці аўтор чытаець навуку паном і мужыком. Першым ён даводзіць, якія добрыя, слаўныя у іх сяляне, як трэба іх любіць і жалець, бо іх крыўдзяць панскія прыганятыя, аканомы. Ен навучае паноў, каб пільнавалі за ўчынкамі сваіх злосных паслугачых, бо яны псуюць добрыя панска-мужыцкія адносіны. Другім ён хацеў сказаць і паказаць, што паноў дрэнных таксама няма, што паны—гэта бацькі родныя. Разумеецца, аўтору яшчэ і ў голаў не прыхадзіла, што трэба скасаваць паншчыну. Ва імя свае дыдактычнасьці аўтор старанна паказаў зло ў асобе аканома і ус-