Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„рускага“ і глядзеў на ўсё роднае зусім абмаскаленымі вачмі. Пісаць ён пачаў памаскоўску, і толькі пазьней, няўпрыцям для самаго сябе, прыймаў у свой літэратурны жаргон усё болей і болей беларускіх слоў, зваротаў мовы, цэлых гутарак, а патым пісаў апавяданьні-монолёгі ў даволі чыстай народнай беларускай мове. Аднак, ніякага звязку з ранейшай беларускай літэратурай ён ня меў, а магчыма, што апрача, „Тараса на Парнасе,“ нічога з гэтай літэратуры і ня ведаў. Значна пазьней, калі жыў у Вільні, супрацоўнічаў у маскоўска-беларускім правым журнальчыку „Крестьянинъ“ і пазнаёміўся здалёку і ў фальшывым асьвятленьні з беларускім рухам, ён пачаў усё болей набірацца краёвасьці, беларускасьці, хоць, разумеецца, вельмі аднабокай. „Крестьянинъ“ і усё так званае „Бѣлорусское общество,“ дзе Пшчолка быў сваім і важным чалавекам, глядзела на беларускі рух з бязьверыцай, памылкова ўважаючы яго, з-за свайго няшырокага сьветагляду, за польскую інтрыгу; яно не магло сходаць сваей абмаскаленасьці, ня мела патрэбнай пашаны да свае роднае мовы і сыноўскага жалю да ўсяго роднага народу, бо вымагала, да прыкладу, каб і ў касьцёлах беларусы-каталікі маліліся памаскоўску, што было зусім яўным абсурдам і коса памагала толькі абпалячываньню. Ня дзіва, што сябры „Бѣлорусского общества“ самі сабе йшлі наўпрэкі: у вадным нумары „Крестьянина“ была ганьба на родную мову, у другіх Пшчолка зьмяшчаў свае вершы пабеларуску. Гэткі сорам спарадзіўся ад аднабокага, благога беларусазнаўства гадунцоў русіфікацыйнай школы, ад клясавага становішча іх і іншых прычын.

Літэратура Пшчолкі складаецца з расказаў (прозаю) і начыркаў этнографічнага характара. Творы яго выхадзілі асобнымі зборнікамі некалькі разоў з 1899-га па 1910. год. Расказы яго можна падзяліць гэтак: 1) гутаркі-монолёгі, у каторых скрозь сьмех чуюцца сьлёзы; 2) гутаркі-монолёгі, напісаныя для жарту і насьмешкі; 3) розныя расказы з беларускага жыцьця, каторыя маюць часам дужа многа лішняга і сырога этаографічнага матар‘яла, часам поўны лірызму, беларускай элегічнасьці і прыгожых, захопліваючых апісаньняў нашае прыроды. Першыя і другія гутаркі напісаны па-беларуску, а ўва ўсіх іншых расказах найчасьцей перавышае маскоўская мова, хоць асабліва адчутыя мясьцінкі — заўсёды беларускія. Цікаўна, што і ў маскоўскай мове Пшчолкі ёсьць памылкі—беларусізмы, часам такія навет звароты, як „отгонялъ мухи“!

1. Сьлёзныя гутаркі-монолёгі, у каторых скрозь сьмех, а часам і бяз сьмеху чуюцца гарачыя, горкія