Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

невясёлых яго нотах. Часам, аднак, ён наўмысьля ставіць яе за цэль, і тады зьяўляюцца такія рэчы, як „Здарэньне“, народны пераказ, „Сьведка“ і інш. Зьвярнуўшы ўвагу на народную творчасьць, на прасторы забабонных паглядаў і народнае моралі, напісаў Багушэвіч такія свае вершы, як „Хцівец і скарб на сьвятога Яна“, „Баляда“ і да т. п.

Песьні, напісаныя на народны лад, павінны былі, здавалася Багушэвічу, заахвоціць беларусаў да пяяньня сваіх пазабываных родных песьняў і, апрача таго, усьведамляць іх нацыянальна і соцыяльна. Такім чынам, вылілісь у яго з душы такія выдатныя рэчы, як „Калыханка“ і некаторыя сатырычныя песьні, а таксама такія, зусім падобныя да народных, як „Удава“, „Гора“, „Песьня № 6“ і інш. Тут найболей адбіўся і асабісты лірызм самаго поэта. Аб удаве ён сказаў гэтак жаласна: „Ой, маркотная, ліхая доля сірот-дзетак, але горшая ўдавая, як тых малалетак“… „Гора“ застаецца ў памяці народнай абразнасьцю і сваім даўна-беларускім прыпевам: „Ой, гора-ж маë“, каторы пяецца пасьля кожнай строфы. „Песьня № 6“ цікаўна сваёю формаю: яна ўся складаецца з пытаньняў і адказаў; зьмест яе соцыяльны.

Байкі Багушэвіч найболей перакладаў з чужых моў, і асаблівага значаньня ў яго творчасьці яны ня маюць.

Мова Багушэвіча. З „Прадмовы“ да „Дудкі“ мы відзім, якое вялікае значаньне надаваў ён беларускай мове і яе літэратурнаму ўжытку. Але тады яшчэ ня было, можна сказаць, сьвядомай беларускай інтэлігенцыі, і Багушэвіч пісаў так, каб яго зразумеў кожны беларус-селянін, пісаў народнай мовай, бяз многіх сучасных інтэлігенцкіх слоў. Вырасшы ў спольшчанай сям‘і і заходняй Беларусі, ён унасіў у сваю мову ці мала слоў польскіх, як цёнгле, шак, прэндка, ніц, васола, дзісь і інш. Ен ня меў нахілу зрабіць іх літэратурнымі для нас, але не баяўся і выгляду спольшчанасьці, бо на першым пляне ставіў справу адраджэньня, з якой паволі прыходзіць і чыстата і літэратурнасьць мовы. Троху горшая справа тое, што ён быў прызвычаіў нашай кніжнай мове заходня-беларускія, спольшчаныя націскі ў словах (была, дана) і нядобрыя канчаткі (любе замест любіць). Затое-ж Багушэвіч умеў такія народныя словы і звароты, думаў так пабеларуску, як не патрапяць думаць сучасныя нашы пісьменьнікі, адарваныя ад жывой народнае крыніцы. Няма ў яго набору прыказак, чым грашыўся Марцінкевіч, але добрая прыказка надта ёмка ўлі-