Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

і дзеяльнасьць для бацькаўшчыны такіх слаўных беларускіх жыдоў, як Зьмітрок Бядуля і інш., зьнішчуць гэтае смутнае непаразуменьне даўнейшых часоў. Тут пясьняр апісаў тып „жыдка“ (не ў нацыянальным значаньні слова), каторы, „сеўшы ў вёсцы, пры гасьцінцы, пры дарожцы,“ цераз тры гадкі робіцца „панам на ўсю вёску“. Галота зьнімаець перад ім шапку і цалуець яму ў рукі. Ен заводзіць знаёмства і дружбу з усякім начальствам, ён пазычае грошы. І пясьняр кпіць і з яго і з пана разам: „Каб такі нам пан зыскаўся, то-б сьвятым ён называўся,“ бо ён ня тое, што пан, ён „хоць грошы любіць, а згубіць зусім ня згубіць.“ „Песьня № 9“—сатыра на мужыкоў за нядбальства, нахіл да частай выпіўкі, дрэннае гаспадараньне і г. д. Асабліва гневен поэт на мужыка вялага, пакорнага, бязьдзеяльнага. У сатырычнай песьні „Сватаны“, напісанай на тып благога вясковага хлопца, таксама абсьмеяна ўхіленьне ад працы, ласасьць на выпіўку ды яшчэ дармавую, някруткасьць у дзеле, няцікаўнасьць, тупасьць, звычай быўшага салдата біць жонку і да т. п. „Сватаная“—злосная сатыра на тыповыя заганы вясковых дзевак („Ходзіць, як чорт у смале, хоць ты адвярніся“). „Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле“ народны беларускі і міжнарадовы сюжэт, скарыстаны Багушэвічам для сатыры на язычлівых зводніц. (Гэтая-ж казка дапасована Ф. Аляхновічам для сцэны—„Чорт і баба“). „Як праўду шукаюць“—вершаванае апавяданьне з сатырай на судовую валакіту. „Панская ласка“—сатырычная байка аб тых заможных дабрачынцах, што перш рабуюць, а потым кідаюць аб‘едачкі, каб паказаць сваю ласку і купіць славу. Як відзім, усюдых сатыра Багушэвіча ідэйна-грамадзянская.

Жартаўлівыя бытавыя творы таксама даволі часта спатыкаюцца ў літэратуры Багушэвіча. Можна сказаць, што пераважная частка яго творчасьці—бытавыя творы, але аўтор ня меў на ўвазе толькі апісаньне побыту, або і зусім таго не пільнаваў, дык і цана такіх твораў шмат вышэйшая, чымся чыста бытавых. Побыт беларускі Багушэвіч і знаў і маляваў у сваіх творах дасканальна, але бытавы элемент ён толькі мімаходам уплятаў у агульнае разьвіцьце сваіх думак і свайго апісаньня (напр., нацыянальна-соц. верш „Мая хатка“). Таксама яго вельмі харошыя, вельмі запраўдныя і лірычныя малюнкі роднай прыроды і наагул родных абразоў ня былі простым заданьнем яго поэзіі і зьяўлялісь у процесе творчасьці, як элемент дадатковы, скажам так дэкоратыўны. Але псыхіка аўтора была такая нацыянальная, што і пры гэткай творчасьці яго поэзія выйшла самай нацыянальнай. Жартаўлівасьць не пакідала Багушэвіча ў самых