Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

лікім абразе з народнай творчасьці душа яго зьліваецца ў адным парыве з душой усяго народа.

3. Усякія творы. Сярод розных іншых твораў Багушэвіча, кароценькіх лірычных вершаў і вершаваных і пісаных у прозе апавяданьняў, знаходзім найчасьцей рэчы сатырычнага зьместу, апрача таго — жартаўлівыя бытавыя творы, напісаныя на народны лад песьні, a яшчэ байкі і іншае.

Сатыра Багушэвіча служыць грамадзянскім заданьням поэта. Дзеля гэтага сатырычны элемент мы ўжо відзім блізка што ў кожным з вышэй разгледжаных твораў. Яго соцыяльнае становішча спараджала сатыру ў адносінах да паноў, жыдоў-гандляроў, немцаў-авантурнікаў, мужыкоў-нядбаліц і г. д. Так, „Песьня № 7 ёсьць войстрая сатыра на сучасных Багушэвічу паноў, жыцьцё і думкі каторых ведаў ён дасканальна і з добрага і благога боку. Як чалавек, зьвязаны з гэтаю сфэраю пахаджэньнем, клясавым станам і цэлым жыцьцём, ён б‘ець яе з балючымі адскокам па самім сабе, можа быць ня так безьміласэрна, як біў-бы пясьняр-мужык. Злосна абсьмеіваець ён розныя чыста-панскія заганы і кпіць, публічна кажучы паном іхную інтымную хвастунскую прыказку: „Пан панам будзе.“ Пясьняр сатырык з елкай іроніяй паддае пану ахвоты да скокаў, гульні і п‘янства; ён раіць яму прадаваць сьмялей і ніўку, і лес да дрэўка, жонку і дзяцей, і ўсё-чыста; ён бʻець яго словам, як бізуном: „Прадай сваю славу, прадай і Варшаву, прадай і чэсьць дочкі за віна паўбочкі.“ „Жыдок“—сатыра на эксплуататараў-гандляроў, якімі з розных гістарычных і іншых прычын сталіся на Беларусі найболей людзі жыдоўскай нацыі, як эксплуатарамі-панамі сталіся людзі польскай і пазьней маскоўскай нацыі. Разумеецца, можна зрабіць закід Багушэвічу, што ён, кіруючысь палітычна на Варшаву, не падчыркнуў так прыналежнасьць паноў да чужой нацыі, як зрабіў тое па адрэсу гандляроў. Аднак, нічога благога проціў ўсяе жыдоўскае нацыі ў гэтай сатыры Багушэвіча няма, хоць ён і адбіў у некаторых сваіх творах няпрыхільнасьць мужыка-беларуса да таго тыпа жыдоў на Беларусі, які якраз бічуецца ў гэтай сатыры. З працоўнымі і чэснымі жыдамі беларускі селянін жыў заўсёды ў добрым суседзтве і навет дружбе,—нідзе ніякай няпрыхільнасьці да такіх жыдоў няма і ў нашага песьняра. Але ёсьць вялікі грэх на гісторыі і меншы на тых беларускіх жыдох, каторыя слова „жыд“ зрабілі для мужыка-беларуса сінонімам эксплуататарства, ці таго, што ў Маскоўшчыне самі маскоўцы выявілі пад словам „кулачаства.“ І толькі новы, справядлівы соцыяльны парадак на Беларусі, як