Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

шы першую страніцу нашага сьвядомага адраджэньня, адразу і першы за ўсіх увідзеў, што найгоршая бяда ў тым, што з-за панаваньня чужой культуры беларускія дзеці адракаюцца ад усяго роднага, — бо яно-ж „простае“, нічога супольнага ня маючае з прынятай імі „панскай“ культурай. Ня дзіва, што сын-рэнегат для свайго панства выкідаў бацькоў, бо паны пагарджалі і іх мужыцкай беларускай мовай і ўсім тым, што нагадывала вёску. Чужая культура разлучала дзяцей з бацькамі. І ня дзіва, што народны розум пяяў:

Ой, ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала…

Літэратурная вартасьць „Калыханкі“ вялікая, аднак, яе значаньне—гістарычнае і навет цяпер ужо: сучасная сьвядомая беларуская інтэлігенцыя, вучыцялі, інжынэры, дактары, адвакаты, пісьменьнікі не выракаюцца свайго народу і свае „мужыцкае“ культуры, а сучасныя бацькі-беларусы не баяцца вучыць сваіх дзяцей. „Калыханка“ спарадзіла цэлы кірунак у нашай літаратуры, каторы зрабіў сваю ўзгадаваўчую работу.

Хмаркі.—Кароценькі лірычны вершык, у якім Багушэвіч надта поэтычна паказаў сваю журбу з прычыны беларускай нацыянальнай несьвядомасьці. Ен гутарыць з цёмнымі хмаркамі, завець іх сваімі братанькамі, такімі-ж бяздомнымі, як ён у сваёй пад‘ярэмнай бацькаўшчыне, і пытаецца ў іх: „Гдзе радзіліся, гдзе вы, хмарачкі? Гдзе тутэйшымі называліся?“ „Тутэйшымі“ называюць сябе і сяляне-беларусы, каторыя ўжо ня ведаюць, якой яны нацыі.

Мая хатка. Пад мужыцкай хатай разумеецца ўся наша бацькаўшчына. Суседзі адзін перад адным запрашаюць галяка-гаротніка ў свае багатыя хаты. Але пясьняр, сьвята веручы ў адраджэньне свайго народу, яго вуснамі дае належны адказ, поўны чыста-беларускай драматычнасьці.

Ахвяра. Тут быццам дапаўняюцца думкі, выказаныя ў „Калыханцы“, падчыркнута іх нацыянальнае значанне:

Маліся, бабулька, да бога,
Каб я панам ніколі на быу.
...........
Каб людзей прызнавау за братоу,
А багацьце свае меу за іх,
Каб за край быу умерці гатоу,
Каб ня прагнуу айчызны чужых,
Каб я бога свайго не акпіу,
Каб ня зрадзіу за грошы свой люд…