Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вусным і рукапісным спосабам. Пашырэньню спрыяла, асабліва ў пазьнейшы час, уніяцкая вера і царква. Потым наступае гэткі чорны час, што ўся наша літэратура пераходзіць на падобнае, казаў той, рукапіснае палажэньне, бо іначай яна не магла разьвівацца. Скрозь усё 18-е і нейкі час у 19-м сталецьці беларуская літэратура была найбольш рукапісная. Просты народ, ня зусім яшчэ абпалячаная ці абмаскаленая шляхта і духавенства толькі ў рукапісе і відзелі сваё прыгожае слова. Прыўчыўшыя да гэткага парадку, як да звычаю, быццам ня ведаўшы другога спосабу, людзі вельмі прыхільна, ахвотна і старанна чыталі, слухалі, пераказывалі, пісалі і пашыралі рукапісныя творы ў роднай мове, аб чым сьведчыць гісторыя псальмы „О, мой божа, веру табе“, макаранічнага верша, поэмы „Рабункі мужыкоў“, розных так званых гутарак. Прыкладам можа быць і тое, што і ў нашы дні рэдкі бадай стары чалавек з беларускай народнай інтэлігенцыі не прадэклямуе ўсяго чыста „Тараса Палясоўшчыка“, заўчонага па сьпіску. Многія беларускія рукапісныя творы назаўсёды пагінулі некаторыя запісаны этнографамі ў перайначаных і перакручаных кавалачках, рэдка калі цаліком; большая частка іх-творы бяз‘іменныя, а як да якого з іх і прыпісалі ў пазьнейшы час імя аўтора, дык з няпеўнасьцю. Асабліва былі пашыраны гутаркі, форма індывідуальнай творчасьці і яўна мужыцкага аўторства, калі толькі з іх ліку выкінуць тыя тэндэнцыйныя брошуркі і праклямацыі ў беларускай мове, што пісалі польскія паны-паўстанцы і маскоўскія чыноўнікі. Значаньне гутарак і наагул рукапіснага народнага пісьменства заключаецца ня толькі ў звычайнай ролі народнай вуснай творчасьці, але яшчэ і ў тым, што яны заўсёды варушылі у беларускім народзе думку, што ён мог-бы тварыць і друкаваную індывідуальную літэратуру. Ці ж аб гэтым не кажуць цяпер творы Старога Уласа, Лявона Лобіка і другіх беларуска-мужыцкіх песьняроў? Трэба зазначыць, што нашы гутаркі, нашае народнае рукапіснае пісьменства—гэта ёсьць пракуда і пракуда нацыянальна-беларуская.

І. За прыклады рукапіснага рэлігійна-духоўнага пісьменства, надта даўныя па часу напісаньня, можна уважаць такія псальмы, створаныя пасьля заводу друкаваньня на Беларусі: 1) „О, мой божа, веру табе“; 2) „Стары Восіп барадаты ўспалохаўся, скочыў з хаты“; 3) „Хімка з Агаткаю, дзьве маладзіцы, прынясьлі на куцьцю па латушцы пшаніцы“; 4) „Прачыстая сярод ночы пусьцілася з усей мочы, плачучы, на гроб хрыстоў, на Гальгофу меж кустоў“; астатні верш даволі лоўка складзен на