Старонка:Гісторыя ЗША ў дакументах.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзяўчынкамі і гуляць разам як сёстры і браты.

У мяне сёння ёсць мара.

У мяне ёсць мара, што аднойчы кожны дол напоўніцца, і кожная гара і падгорак панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі; і з'явіцца слава Гасподняя і ўбачыць гэта кожная плоць.

Гэта наша надзея. Гэта вера, з якой я вярнуся на Поўдзень. З гэтай верай мы выпілім з гары адчаю камень надзеі. З гэтай верай мы здолеем пераўтварыць лаянку сварак у нашай краіне ў прыгожую сімфонію братэрства. З гэтай верай мы здолеем разам працаваць, разам маліцца, разам змагацца, разам ісці за краты, разам змагацца за свабоду, ведаючы, што аднойчы мы будзем свабодныя.

Гэта будзе дзень, калі ўсе дзеці Бога змогуць спяваць з новым сэнсам словы: "Мая краіна, пра цябе, мілы край свабоды, пра цябе я спяваю. Зямля, дзе памерлі мае бацькі, зямля гонару пілігрыма, хай з кожнага горнага схілу звініць свабода."

І калі Амерыка мае стаць вялікай дзяржавай, гэта абавязкова павінна адбыцца. Так хай звініць свабода з чароўных узгоркаў Нью-Гэмпшыра. Хай звініць свабода з магутных гор Нью Ёрка. Хай звініць свабода з узвышша Алегені ў Пенсільваніі!

Хай звініць свабода з пакрытых снежнымі шапкамі скал Каларада!

Хай звініць свабода з фігурыстых горных вяршын Каліфорніі!

Але не толькі гэта; хай звініць свабода з Стоўн Маўнцін у Джорджыі!

Хай звініць свабода з Лукаўт Маўнцін у Тэнэсі!

Хай звініць свабода з кожнага пагорку і кожнай кратавіны ў Місісіпі. З кожнага ўзгорку хай звініць свабода.

Калі мы дадзім свабодзе зазвінець, калі мы дадзім ёй звінець з кожнай вёскі і хутара, з кожнага штата і горада, мы паскорым з'яўленне таго дня, калі ўсе дзеці Бога, чорныя і белыя, яўрэі і людзі з іншых народаў, пратэстанты і каталікі змогуць узяць адно аднаго за рукі і заспяваць стары негрыцянскі духоўны гімн: "Нарэшце свабодныя! нарэшце свабодныя! дзякуй Богу Ўсемагутнаму, мы нарэшце свабодныя!"

Пераклад з англійскай Андрэя Берастоўскага