Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каторыя поруч з беларускім бытам і мовай добра ведалі польскую і рускую літаратуру свайго часу.

Паралельна з вышэйпаказанай літаратурай і не бяз уплыву яе ў 30-ыя годы ХІХ сталецьця мы спатыкаем творы зусім другога роду. Пабеларуску пачаў пісаць ужо ня шляхціц, а запрыгонены селянін Паўлюк Бахрым. Нажаль, мы зусім мала ведаем аб асобе і творах гэтага песьняра. Родам ён з Крошына Наваградзкага павету. Там была школа пад загадам ксяндза-народніка Магнушэўскага, дзе і вучыўся Паўлюк. Магнушэўскі атрымваў з Вільні „Брукавыя Ведамасьці“ і меў невялічкую бібліотеку, з каторай даваў кнігі і вучням. Хлопчык Паўлюк вельмі любіў чытаць вершы, каторыя ён вывучваў напамяць і перапісваў. Зразумела, што гэта былі вершы польскіх песьняроў. Ад перапіскі вершаў П. Бахрым перашоў і да ўласнай творчасьці, але яна выяўлялася ўжо ў вясковай „мужыцкай“ беларускай мове. Пяру яго прыпісваюцца тры вершы — „Гутарка Данілы са Сьцяпанам“, „Размова пана з мужыком“ і „Заграй, заграй, хлопча малы“. Усе тэмы зьместам рэальна вясковыя. Зьместам зьяўляецца апісаньне цяжкой долі запрыгоненага селяніна. Ненавісьць да пана злучаецца з монархізмам, што вельмі тыпова для селяніна, каторы пры сваім соцыяльным бунтаўніцтве быў зусім несьвядомым політычна. Асабліва цікавы верш „Заграй, заграй…“, каторы мае, здаецца, і аўтобіографічнае значэньне. Верш народны, поўны жывых вобразаў, узятых з вясковага сялянскага жыцьця. — Сярдзіты, неміласэрны пан у Крошыне. Кіямі забіў ён бацьку селяніна. Маці тужыць, сястра плача. Лепш быць ваўкалакам, лепш быць вольным каршуном, бо тады селянін абышоўся-бы без паноў. „У паншчыну-б не пагналі і ў маскалі-б не аддалі“. Аўтар ненавідзіць паноў і перакананы ў тым, што на галаву іх калісь прыдзе расплата за іх злачынствы ў адносінах да сялянства. Але пакуль што настрой песьняра бязвыхадна цяжкі. Куды пайсьці, дзе абярнуцца? „Ой, кажане, кажане! Чом ня сеў ты на мяне, каб я большы не падрос ды ад бацькавых калёс!“ Калі-б ён быў такім малым, яго не аддалі-б у маскалі.

У Крошыне здарыўся сялянскі бунт. П. Бахрым, як мы ведаем з некаторых вестак, быў прызнан уладаю удзельнікам гэтага бунту. Шмат сялян за бунт выслалі ў Сібір, а П. Бахрыма паставілі „пад чырвоную шапку“ (здалі ў маскалі), дзе і прыпынілася яго творчасьць. Пасьля 25-гадовай мікалаеўскай службы ён вярнуўся дадому ў Крошын, дзе і памёр, здаецца, у 1891 годзе.

Такім чынам загінуў пясьняр, каторы меў задаткі, каб зрабіцца Шаўчэнкам беларускай поэзіі. Дзьверы да тагочаснага беларускага нацыянальна-культурнага руху былі яшчэ зачынены для запрыгоннага, простага селяніна.