Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дала краю тое, чаго ён ня мог дачакацца ад царызму. У 1921 годзе быў заснован унівэрсытэт, а ў 1922 годзе — сельска-гаспадарскі інстытут, каторыя зьяўляюцца асяродкамі новай культуры і навукі на Беларусі.

У свае часы (у 1832 і 1842 гадох), пасьля зачыненьня Віленскага унівэрсытэту ўсе навуковыя яго цэннасьці — бібліотэка, габінеты, музэй і г. д. — былі перавезены ў Кіеў, і там быў заложан Кіеўскі унівэрсытэт (1834 г.), каторы і існуе да нашых дзён.

За унівэрсытэтам наступіла чарга і для Віленскае вучэбнае акругі. На думку яе заснавацеля Чартарыскага, акруга концэнтравала ў сваіх межах усе землі былой Рэчы Паспалітай, што ўвашлі ў склад Расійскай імпэрыі. Такім спосабам утваралася поўная магчымасьць адзінага концэнтраванага польска-патрыотычнага ўплыву на тэрыторыях Літвы, Беларусі і Украіны. Гэтыя землі культурна-політычнаю дзейнасьцю акругі як-бы падгатаўляліся да таго, каб потым уліцца ў будучую Польшчу. Зразумела, што урад Мікалая I дапусьціць далейшае існаваньне акругі, утворанае для такіх мэт, ня мог. Віленская акруга была падзелена на дзьве часткі. Адна частка яе (паўночная) злажыла Беларускую акругу, а другая (паўднёвая) адышла да новае Кіеўскае акругі.

Потым урад прыняўся за рэформу школ. У 1834 годзе былі выданы новыя штаты для школ на Беларусі, ці, як сказана ў палажэньні аб штатах, — „для учебных заведений Северо-Западного края“. Пры разглядзе гэтых штатаў мы бачым, што, пры замене польскіх школ рускімі, агульны лік школ зьмяншаўся, прыблізна, на палавіну. Перад паўстаньнем 1831 году на Беларусі лічылася 13 гімназій і 33 павятовых школы, усяго 46; паводле рускіх штатаў 1834 году, на Беларусь было вызначана гімназій і павятовых школ разам толькі 25. Было закасована, такім спосабам, 21 школа з 46. Потым урад пачаў папраўляцца, і лік рускіх школ паступова павялічваецца. Праз 10 год (1844 г.) на Беларусі (губэрні — Віленская, Горадзенская, Ковенская і Менская), замест 25 школ, налічваецца ўжо 44.

Само сабою зразумела, што выкладоваю моваю ў гэтых школах была руская мова. На програмах і сыстэме іх выказалася ўся рэакцыйнасьць мікалаеўскай асьветнай політыкі. Програмы гімназій былі зложаны на квазі-клясычным грунце. Мотывы для гэтага грунту ў палажэньні аб гімназіях былі формуляваны так: „Дабы заснаваць рускую адукацыю цьвярдзей і глыбей на старажытнай адукацыі той нацыі, ад каторай Расія атрымала і сьвятое навучэньне веры і першыя пачаткі сваёй асьветы“. Ясна, што пад нацыяй, вызначанай тут, урад разумеў ня грэкаў антычнага часу, а грэкаў-візантыйцаў эпохі ўпадку антычнай культуры. Вось гэтая ўпадачная культура і лягла ў аснову програмы мікалаеўскай гімназіі. Сыстэма асьветы была наўмысьля пабудована так, каб парушыць адзінства і паступовасьць школы; каб з