Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чала працаваць комісія па разглядзе справы дзекабрыстых. Яна жорстка расправілася з загаворшчыкамі. Паказаньні абвінавачаных выявілі, што дзекабрыстыя вялі жывыя зносіны і трымалі пастаянную сувязь з патайнымі гурткамі як у Польшчы, так і на Беларусі. Гэтыя гурткі ставілі сваёю мэтаю падтрымаць пераварот дзекабрыстых у Расіі і скарыстаць яго для адбудаваньня Рэчы Паспалітай, незалежнай ад Расіі, у старых яе межах. Проэкты рускіх дзекабрыстых, напрыклад, „Русская Правда“ Пэстэля, таксама прымалі пад увагу пажаданьні польскіх патрыотычных гурткоў. З польскіх гурткоў, зьвязаных з дзекабрыстымі,

нам вядомы: „Грамада праўдзівых палякоў“, „Грамада вольных палякоў“, „Прыяцелі“ і г. д. Што датычыць гурткоў на Беларусі, то яны былі таксама польскімі па сваіх мэтах і па сваім складзе. Яны былі зьвязаны з студэнцкімі гурткамі Віленскага унівэрсытэту. З гурткоў на Беларусі, зьвязаных з дзекабрыстымі, нам вядомы: „Патрыотычны саюз“, „Чорныя браты“, „Вайсковыя прыяцелі“ і інш. Па некаторых зьвестках можна думаць, што ў 1823 годзе ўсе патайныя гурткі ў Польшчы і на Беларусі ўстанавілі паміж сабою сувязь і зьліліся ў адзін „Агульны патрыотычны саюз“. Усе гэтыя організацыі ня выступілі проціў рускага ураду ў сьнежні 1825 году толькі таму, што рух дзекабрыстых падняўся неспадзявана для іх, і яны не пасьпелі зрабіць адпаведнай падгатоўкі да выступленьня.