Прышла армія на абарону фабрыкантаў, паноў, ксяндзоў і г. д., і чым больш яна была бліскучая, тым цямней было на сэрцы беднаты. У галовах бадзяліся думкі, зьвязаныя з страхам і адчаем. Здавалася, што ніколі ня хопіць сіл у пролетарыяту і сялянства, каб прагнаць гэтае бліскучае белапольскае войска.
Адразу пасьля ўваходу арміі, па гарадох, мястэчках і вёсках Беларусі пачаліся пагромы. Шукалі комуністых, білі еўрэяў, сялян, якія спачувалі саветам. Даволі было каму-небудзь з паноў ці падпанкаў паказаць на чалавека пальцам, што гэта — бальшавік, як гэты чалавек ставіўся да сьценкі. Шмат загінула народу, нават зусім непавіннага ў бальшавізьме. Дасталося коопэрацыйным і еўрэйскім крамам, якія таксама чамусь лічыліся бальшавіцкімі і аддаваліся на грабества. Па гарадох і мястэчках найбольш цярпелі еўрэйскі пролетарыят і бедната, па вёсках — батракі маёнткаў і сялянская бедната.
Вярнуліся фабрыканты і паны. І тыя і другія пачалі шукаць і забіраць сваю маетнасьць і зямлю, адабраную ў іх бальшавікамі. Пашлі ўдаваньні, вобыскі. Запоўніліся вастрогі гарадзкою і вясковай беднатою. У вастрогах для лепшага сузнаньня намечаных праступнікаў былі пушчаны ў ход жорсткія кары. Па вёсках разьехаліся „канаркі“ — жандары, утварылі вясковыя „постэрункі“ і, разам з зьвярнуўшымся панствам, вышуквалі тых, хто быў проціў пана. Загулялі па мужыцкіх карках шомпалы і бізун. Паны паатрымлівалі вышэйшыя пасады як у цэнтры, так і на мясцох. У паветах яны сядзелі як старасты, у валасьцёх-гмінах — як войты. Моц экономічная злучылася з уладай політычнай. Рабочыя па гарадох і сялянства па вёсках былі зусім без абароны.
Паўсюды насаджаўся зьвярыны каталіцка-польскі шовінізм. Каталік і паляк сталі сынонімамі. Беларусы-каталікі былі запісаны ў палякі. Назва „беларус“ была для окупантаў пудзілам. Паны бралі пачуцьцём, што беларускі рух, як рух запрыгоненага імі сялянства, ёсьць рух у корані не нацыянальны толькі, але і соцыяльны. Па гарадох прагнуліся пры дапамозе рэлігіі і нацыі разлажыць рабоча-профэсыянальны рух. Зьявіліся каталіцка-польскія і юдэйска-еўрэйскія рабочыя саюзы. Каталіцкім саюзам даваліся ўсякія прывілеі. Нават коопэрацыю разьбівалі па рэлігійна-нацыянальных прыметах. Пашла полёнізацыя школы. Падтрымваліся ўсякімі незаконнымі сродкамі каталіцка-польскія школы. Школы рускія чыноўнага і „истинно-русского“ напрамку лічыліся як магчымыя і цярпімыя. Асабліва даставалася беларускім школам. Ня выратаваліся і еўрэйскія хэдэры, хоць яны былі клерыкальнымі школамі еўрэйскіх сынагогальных вобшчын.
У вадказ на такія окупацыйныя злачынствы пачынаецца на Беларусі патаемны рух, які ў гарадох носіць амаль што выключна полі-