ца тым асяродкам, наўкол якога ўсе яны гуртуюцца. Усе яны, як мы казалі раней, так ці іначай зьяўляюцца народнікамі і, як такія, яны па свайму сьветапагляду ёсьць ідэалістыя і індывідуалістыя. Выключэньне складае толькі рабочы, гарбар па рамяслу, Цішка Гартны. Як рабочага, яго цягне да сябе марксызм з яго матар‘ялістычным сьветапаглядам. Але ён у пачатку, як і другія песьняры, найчасьцей апісвае беларускую вёску, бо ён сам вышаў з сялянскай хаты. Праўда, яго з самага пачатку цікавіць ня толькі доля селяніна, але й доля вясковага пролетара.
Нашаніўскія адраджэнцы, як вышаўшыя з працоўных беларускіх гушч, найчасьцей зьяўляюцца ці соцыялістымі, ці людзьмі вельмі блізкімі да соцыялізму. Соцыялізм нашаніўцаў-песьняроў цесна зьвязан з нацыянальным, нават нацыяналістычным настроем; гэта ёсьць нацыянал-соцыялізм. Такая ахварбоўка іх соцыялістычных поглядаў зразумела, калі мы ўспомнім, што Беларусь перажывала нацыянальны уціск, што беларуская нацыя была „мужыцкай“ нацыяй, беларуская мова — „мужыцкай“ мовай. Пішуць яны выключна ў беларускай мове, абараняючы яе ад нападаў царызму і абруселай інтэлігенцыі. Беларуская мова — іх матчына мова. Яна — мова таго прыгнечанага беларускага селяніна і чорнарабочага, якіх яны хочуць вучыць і абараняць.
Моцна зьвязаны нашаніўцы з сялянскаю Беларусьсю. Уся увага іх зьвернута на сваю родную маці-старонку. Яны моцна любяць яе і за ёю ня бачаць хараства ў чужых краёх. Ёсьць бацькаўшчына і ёсьць „чужая старонка“, і яны зусім не падобны адна на другую ў вачох песьняроў. Чужая старонка, куды папаў пясьняр, гняце яго душу, губіць яго здароўе і спакой; яна — нялюбая, вочы песьняра ня хочуць глядзець на яе. На чужой старонцы і птушачкі не сьпяваюць, і лета там здаецца песьняру, як зіма. „На чужой староначцы ня шумяць лясы, і няма прыгожасьці ў палявой красы; замірае душачка на чужой зямлі“ (А. Гарун). Зусім ня так на бацькаўшчыне. Усё там сьпявае голасна, бадрыць і падымае настрой песьняра. „Дзе-ж вы, ніўкі родныя і дубровы шум? Засьпявайце голасна, каб пазнаў, пачуў. Ўскаланеце песьняю векавечных сноў, ўскаланеце душачку, ўскаланеце кроў!“ (А. Гарун. „Песьня“). Але калі песьняры прыглядаюцца да свайго роднага краю безадносна, не раўнуючы яго з чужой старонкаю, то „маці-Беларусь“ ужо іначай апісваецца імі. Гэта — край пануры, у ім жыве люд забіты, бедны і шэры (А. Гарун. „Чаму з маленства“). Але, ня гледзячы на цяжкае палажэньне роднага краю, песьняры любяць яго моцна і шчыра, любяць толькі за тое, што ён ня чужы, а родны край. „Край лясоў і балот, і туманаў гнілых! Хоць і бедна ў табе, і у лозах тваіх вецер ў восень жудою шуміць… А люблю-ж я той край, бы яго родны сын, і па ім маё сэрца баліць“ (Я. Колас. „Палесьсе“).