ціць падаткаў, не даваць рэкрутаў і шляхам збройнай барацьбы выкінуць цара разам з панамі. Такая-ж самая кампанія праводзіцца і ў пролетарскіх цэнтрах Беларусі. Кампанія ня мела водгуку ні ў горадзе ні ў вёсцы. Рэакцыя, узброеная да зубоў, моцна трымала ўладу ў сваіх руках. Па гарадох выбары ў думы выклікалі некае ажыўленьне. Бунд прымаў удзел у выбарах ува ўсе Думы, апроч першай. Яго лінія была ня клясавай, а нацыянальнай. Наогул, паўсюды выбары адбываюцца па нацыянальным курыям. Мы спатыкаемся з польскай, рускай і еўрэйскай курыямі. Руская і еўрэйская курыі часам разьбіваюцца на правых і левых. З беларускай курыяй мы не спатыкаемся, бо беларусы — жыхары вёскі, каторыя адносіліся да выбараў пасыўна, апроч таго, беларускія політычныя і культурныя організацыі бойкотавалі ўсе Думы.
Увосень 1913 году рэакцыя, пасьля амаль што двухгадовай падгатоўкі, пусьціла ў ход вядомы процэс Бэйліса. Угалоўныя праступнікі забілі ў Кіеве хлопчыка Андрэя Юшчынскага. Урад прыцягнуў да адказу еўрэя Бэйліса, вінавацячы яго ў рытуальным забойстве. У паветры запахла сярэднявяковымі процэсамі інквізыцыі. Беларусь, каторая была цэнтрам еўрэйства ў імпэрыі, балюча перажывала гэты процэс. Буржуазія еўрэйская абвясьціла ў дзень процэсу агульны пост і малітву. Гэты лёзунг пасыўнасьці і апатыі ня мог захапіць еўрэйскіх рабочых мас. Бунд падняў пытаньне аб забастоўцы протэсту і пачаў праводзіць яе. Рабочыя масы адгукнуліся на покліч Бунду. Забастоўкі адбыліся ў Вільні, Менску, Магілеве і другіх гарадох. Ня гледзячы на шырокую чорнасотніцкую агітацыю, беларуская вёска трымала сябе ў вадносінах да злосна абвінавачанага еўрэйства вельмі спакойна. Ураду не ўдалося організаваць нігдзе пагрому. Ня гледзячы на тое, што міністар юстыцыі Шчэглавітаў вельмі старанна падбіраў склад суду, назначыўшы туды судзьдзяў-юдафобаў, процэс для ураду праваліўся і ні ў чым не павінны Бэйліс быў апраўдан. Урад не чакаў такога канца. Абураны няўдачай, ён абрушыўся з рэпрэсыямі на рэдактараў лібэральных газэт і адвакатаў. Як вынік процэсу Бэйліса, адбыўся вядомы процэс адвакатаў у Пецярбурзе, які скончыўся за месяц да вайны (IV,1914 г.) асуджэньнем 25 адвакатаў.
У ліпені 1914 году рускі урад зноў утварае „аддушыну“. Распачынаецца вялікая імпэрыялістычная вайна паміж так званымі вялікімі дзяржавамі, на грунце экономічных супярэчнасьцяй паміж імі. Рускі урад сьпешна прымае ў вайне удзел. Што датычыць да Беларусі, то яна, як заходняя частка імпэрыі, адразу робіцца тым фронтам, на каторым ідзе крывавая бойня працоўных мас Расіі, Германіі і Аўстрыі, каторыя гінуць дзеля інтарэсаў пануючых кляс гэтых гаспадарстваў. На працягу гэтай бойні ня толькі льецца кроў, але