Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

набралася даволі значная група настаўнікаў-беларусаў, каторая адгукнулася на агітацыю адраджэнцаў. Яна палажыла пачатак організацыі „Беларускага настаўніцкага саюзу“. Саюз, як відаць з яго статуту, ставіў сабе за мэту аб‘яднаць беларускіх настаўнікаў на шырокіх дэмократычных асновах. Ён прапанаваў сваім сябром вучыць дзяцей-беларусаў у іх матчынай беларускай мове. Настаўніцкі саюз быў хутка выкрыт поліцыяй, разгромлен і больш энэргічныя сябры яго паплаціліся турмою, як, напрыклад, пясьняр Я. Колас, катораму за удзел у саюзе прышлося праседзіць у менскім вастрозе 3 гады.

Дэмократычна-народніцкі беларускі рух зьвярнуў на сябе увагу царскай рэакцыі. Ім цікавіліся, з аднаго боку, правыя часткі ўсіх дум і асабліва сталыпінскае міністэрства, а з другога боку, польскія шляхецка-клерыкальныя колы. Утвараецца адзіны агульны фронт польскай шляхты і рускага дваранства і чынавенства, пакірованы на барацьбу з беларускім рухам. І тыя і другія, упарта змагаючыся з ім, высунулі кожны з свайго боку „тоже“ беларускі рух. З 1909 году ў Вільні пачынае выдавацца газэта ў беларускай мове пад назваю „Беларусь“. Газэта мае клерыкальны, каталіцкі кірунак. Адначасна з гэтым, у Вільні, пры дапамозе царскага ураду, організуецца дваранска-чыноўніцкае вобчаства пад назваю „Крестьянин“, каторае выдае ў рускай мове часопісь „Белорусская жизнь“ офіцыяльна-урадавага кірунку. Трэба сказаць, што ў сэнсе расколу беларускага руху больш зрабіла польская панска-ксяндзоўская група. Яна глыбей уцёрлася ў беларускі народніцкі рух, мела больш грошы і праз касьцёл часам пападала ў вёску. Што датычыць да руска-чыноўніцкага вобчаства „Крестьянин“, то яно з сваёю „западно-русской“ орыентацыяй засталося збоку, бо было дыскрэдытавана блізкасьцю да „истинно-русских“ чорнасотнікаў. Тым ня менш увесь час ішло бязупыннае цкаваньне беларускага нашаніўскага руху з двух бакоў. Яно лягло вялікім цяжарам на нашаніўцаў. Нашаніўцы энэргічна адмяжоўваліся і адбіваліся як ад царскіх воўчых зубоў, так і ад панскага лісінага хваста.

Выбары ў Думу і праца Думы не закранулі зусім беларускай вёскі. Вёска пасылала мэханічна намечаных урадам дэлегатаў, каторыя былі земляўласьнікамі, папамі і зрэдка заможнымі сялянамі. Земляўласьнікі, як палякі, стаялі на варце земляўласьніцкіх польскіх інтарэсаў на Беларусі. Папы і заможныя сяляне падбіраліся з „истинно-русским“ кірункам, каб яны маглі скласьці опозыцыю ў адносінах польскіх паноў. Грамадаўцы і нашаніўцы бойкотавалі Думу. Вёска крыху ажывілася ўлетку 1906 году ў сувязі з разгонам I-ай Думы і выборскай адозваю. Соцыялістычныя партыі на Беларусі, наперакор пажаданьням самых кадэтаў, карыстаюцца адозваю, як повадам для шырокай агітацыі сярод сялянства. Агітатары заклікаюць вёску не пла-