Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выданая ад імя комітэту саюзу. Тут вызначана, што дума, якую царскі урад абяцае склікаць, ня дасьць карысьці сялянству і дзеля гэтага яму зусім непатрэбна. Усе сяляне павінны дабівацца скліканьня Устаноўчага Сойму з прадстаўнікамі ад сялянства. Толькі ён адзін можа здаволіць, як належыць, патрэбы сялянства. Усе землі, лясы, рэкі, вазёры і нетры павінны перайсьці ў рукі ўсяго народу. Зямлёю павінен карыстацца толькі той, хто сам на ёй працуе. Самы парадак перадачы прыроднага багацьця народу павінны ўстанавіць па справядлівасьці народныя прадстаўнікі кожнага краю.

У студзені 1906 г. адбываецца другі зьезд Бел. Соц. Грамады. На зьезьдзе апрацоўваецца нарыс програмы партыі. Афармляецца дэвіз, каторы ўвашоў у карыстаньне яшчэ ў канцы 1905 году: „Працоўная бедната ўсіх краёў, злучайся!“ Пачынаецца нарыс програмы так: „Беларуская Соцыялістычная Грамада ёсьць організацыя соцыяльна-політычная беларускага працоўнага народу; (яна) хоча раскідаць цяперашні капіталістычны парадак і аддаць у рукі ўсяго народу зямлю, снасьці рабочыя і ўсе спосабы комунікацыі для супольнага ўладаньня. У гэтай рабоце найбольшая завада — цяперашняя політычная няволя, загэтым БСГ за найблізшую політычную мэту мае: скінуць самаўладзтва ў Расіі разам з пролетарыятам усіх народаў Расійскага гаспадарства“. Зьезд асабліва дэтальна спыняецца на аграрным пытаньні, выходзячы з таго, што Беларусь ёсьць наагул краіна вяскова-гаспадарская. З боку дзяржаўнага зьезд ухваліў: Беларусь павінна быць аўтономнай рэспублікай з соймам у Вільні; як такая, яна павінна ўваходзіць у склад Расійскай Дэмократычнай Фэдэрацыйнай Рэспублікі. Зьезд, апроч програмы, апрацаваў організацыйную ўставу і абраў Цэнтральны Комітэт з 4 асоб: Антона і Івана Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса.

Пасьля зьезду праца Грамады на нейкі час моцна пашыраецца. Грамада закладае сувязі і з гарадзкімі рабочымі. Яна праводзіць у