Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

М. Я. Фрумкіна. „Нацыянальны уціск парадзіў тое хворае нацыянальнае пачуцьцё, каторае прынужала еўрэйскага рабочага ацэньваць партыі і групоўкі ня з пункту погляду іх об‘ектыўнай рэволюцыйнасьці, а з пункту погляду таго, што яны гавораць па пытаньні еўрэйскага роўнапраўя, аб суботнім адпачынку і еўрэйскай мове… Але той самы нацыянальны момант дапамагаў раньняму абуджэньню еўрэйскага пролетарыяту. Надзвычайная згушчанасьць, якую выклікалі асаблівыя гістарычныя умовы, здольнасьць да організацыі, залежная ад бяспраўнасьці, большая ступень эксплёатацыі, — усё гэта вытварала сярод іх (еўрэйскіх рабочых) адпаведныя умовы для разьвіцьця клясавай барацьбы і масавай організацыі, у той час, як такія-ж рамесьнікі, дробна-фабрычныя рабочыя і прыказчыкі ў гарадох Вялікарасіі спалі яшчэ непрабудным сном“ („Звезда“, 1923 г. 14, III № 59).

Яшчэ ў 1895 годзе ў асобных кіраўнікоў еўрэйскага рабочага руху пачалі вынікаць думкі аб утварэньні „спэцыяльнай еўрэйскай рабочай організацыі“, якая была-б кіраўніцаю еўрэйскага пролетарыяту ў барацьбе за экономічнае, грамадзянскае і політычнае вызваленьне (Рафес, то же, стр. 36). Такая організацыя і аформілася ў кастрычніку 1897 г. ў Вільні пад імем „Агульнага Еўрэйскага Рабочага Саюзу ў Літве і Польшчы“, каторы вядом нам пад назваю „Бунду“. Па ўспамінах Ар. Крэмера (Аляксандра) справа заснаваньня Бунду абстаяла так: „Усяго адбылося 3-4 пасяджэньні, былі справаздачы з месц, рэфэрат аб патрэбе Бунду. Ніякіх пытаньняў програмы і тактыкі не разважалася. Дыскусія вынікла толькі наконта назовы. Джон прапанаваў назваць новую організацыю „Еўрэйская Соцыял-Дэмократыя“. Гэта назва ня была прынята. Думалі, што гэта назва ня выказвала-б сутнасьці організацыі, каторая складалася з напалову сырых яшчэ рабочых, якія часта ня мелі ніякага паняцьця аб тым, што такое соцыял-дэмократыя. Найбольшую ролю ў руху мелі тады экономічныя касы. І вось згадзіліся на назьве „Агульны Еўрэйскі Рабочы Саюз“ (Алгемейнэр ідышэр Арбэтэр Бунд). Гаварылі паруску. Паеўрэйску гаварылі, здаецца, толькі Ліза з Коўны і шчаціншчык Абрам. Ніякіх формуляваных рэзолюцый не ўхвалілі. Зрабілі пастанову, каб „Арбэтэр Штымэ“ стаў офіцыяльным часопісам Бунду. Абралі Цэнтральны Комітэт, складзены з трох особ: Ул. Касоўскага, Глеба (Мутніка) і мяне (Рафес, то же, стр. 42).

Так проста й няпрыкметна адбыўся важны гістарычны факт заснаваньня Бунду, як соцыял-дэмократычнай організацыі. І гэта зусім зразумела, бо зьезд аформіў толькі тую організацыю, якая была ўжо раней і не адзін год яднала для клясавай барацьбы еўрэйскі пролетарыят. У васнове організацыі ляжалі, як і раней, экономічныя гурткі, стачачныя касы, да каторых цягнула нават клясава несьвядомая яшчэ