Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З выміраньнем беларускага селяніна, вымірае беларускі народ. Разам з мужыцкім народам вымірае яго мужыцкая беларуская мова. І здаецца песьняру, што калі захаваць мову беларускую, то не сканае і народ беларускі. Вось чаму у прадмове да сваёй „Дудкі Беларускай“, Багушэвіч зварачаецца да селяніна з такімі словамі: „А можа сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць няможна? Ой, не! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым-жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахватней гавораць пафранцуску, як пасвойму… Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю так, як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займае, а потым і зусім памёрлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі“. Мова, на думку аўтара, ёсьць „адзежа душы“ народу. Па мове пазнаецца народ, па мове пазнаецца й тэрыторыя народу. „Можа хто спытае: дзе-ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым чым не да Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілеў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак“.

Багушэвіч беларускую мову селяніна лічыць сваёю моваю. Ён называе яе „нашай мовай“. Ува ўсіх яго творах адчуваецца глыбокая патрэба „сайсьці ў народныя нізы“, як гаварыў яшчэ раней Марцінкевіч, працягнуць сялянскай беднаце руку, памагчымасьці зьліцца з ёю і яе пажаданьнямі.

Зусім так настроен і другі народнік апошняй чвэрці XIX ст. Янка Лучына (праўдзівае прозьвішча яго — Ян Няслухоўскі). Радзіўся ён у сям‘і менскага адваката ў 1851 годзе. Пасьля сканчэньня сярэдняй школы, ён потым вучыўся ў Петраградзе, дзе скончыў тэхнолёгічны інстытут. Нейкі час служыў на жалезнай калеі на Каўказе, а потым працаваў у жалезна-дарожным тэхнічным бюро ў Менску. Няслухоўскі пісаў папольску і пабеларуску. Беларускіх твораў яго дашло да нас вельмі мала. Праўда, і польскія яго творы апісваюць беларускае жыцьцё. У 1891 годзе заграніцаю была выдадзена невялічкая кніжачка яго беларускіх вершаў пад назваю „Вязанка“. У 1903 годзе яна была выдана ў Петраградзе гуртком беларускіх студэнтаў. Кажуць, што яна прашла праз цэнзуру пад відам баўгарскай поэзіі. Апроч таго, некаторыя вершы Няслухоўскага неяк папалі ў кніжкі „Северо-Западного Календаря“ і ў „Минский Листок“. Вершы „Вязанкі“ малююць яскрава гаротную долю беларускага селяніна, яго думкі й пажаданьні, даюць малюнкі беларускай прыроды, жывёл, птушак і г. д. Аўтар лічыць, што ён моцнымі ланцугамі скуты з беларускім мужыцкім народам. Яго песьні ёсьць толькі выраз гаротных думак прыгнечанага беларускага народу. У вершы-прадмове да сваёй „Вязанкі“ Няслухоўскі вельмі