Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вясковых куткох Беларусі, куды не магло заглянуць нядрэмнае вока поліцыі, каторая была офіцыяльным абаронцам казённага праваслаўя. Бядак-селянін, атручаны яшчэ раней рэлігійнаю атрутаю, цёмны й забіты векавым прыгнечаньнем, плаціў з сваіх жабрацкіх сродкаў на два фронты — і папу і ксяндзу, а часам і на трэці фронт — поліцэйскаму вурадніку, адрываючы астатнія грошы ад сваёй зьбяднелай гаспадаркі і галоднай сям‘і.

Цэлы рад абмежаваньняў у правох упаў на еўрэйства, большасьць каторага жыла на Беларусі і Літве. Урад прагнецца зрабіць еўрэя як-бы „казлом адпушчэньня“ за ўсе свае праступствы. Пры дапамозе скарбовых грошай організуюцца пагромы, аб еўрэях распускаюцца ўсялякія провокацыйныя чуткі, утвараюцца судовыя процэсы па абвінавачваньню еўрэяў у рытуальных забойствах. Ідуць у гарадох паджогі еўрэйскіх кварталаў і г. д. Руская буржуазія ўжо стала на ногі, абзавялася ўласнымі капіталамі, ёй ужо былі непатрэбны еўрэйскія капіталістыя і іх капіталы, бо яны конкуравалі з ёю. Трэба было зьнішчыць конкурэнта, абапёршыся для гэтага на яго еўрэйскае пахаджэньне. Урад пашоў насустрач такім пажаданьням рускай буржуазіі. Пачалі сачыць за тым, каб еўрэйства якімі-небудзь сродкамі не перашло за „черту оседлости“, што даволі часта бывала ў ранейшыя часы і на што ранейшы урад глядзеў скрозь пальцы, бо меў патрэбу ў лоўкіх гандлярох і кваліфікаваных рамесьніках. У 1882 годзе былі выданы так званыя „часовыя правілы“ для еўрэйства. На аснове гэтых правіл для еўрэяў у „черте оседлости“ была праведзена яшчэ новая „черта“. Тэкст правілаў такі: 1) забараніць еўрэям сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак, 2) прыпыніць утварэньне на ймя еўрэяў купчых актаў і арэндных дагавораў на нярухомую маемасьць за межамі гарадоў і мястэчак, 3) забараніць еўрэям таргаваць у дні нядзелі і ў двунадзесятыя хрысьціянскія сьвяты. Еўрэйскае жыхарства, такім спосабам, штучна адрывалася ад вясковай гаспадаркі. Яно запіралася ў горад і мястэчка і прымацоўвалася да іх прамысловасьці і найчасьцей гандлю.

Межы еўрэйскай аселасьці звужваюцца. У 1887 годзе Растоў на Доне і Таганрог з паветам, каторыя раней уваходзілі ў „черту оседлости“, былі выключаны з яе. Еўрэі, каторыя там жылі, былі выселены. Такія мерапрыемствы ураду зьбівалі еўрэйскую масу ў адзін цесны куток і згушчалі ў ім экономічную барацьбу за існаваньне. Еўрэйская дробная буржуазія не магла вытрымаць абвостранае конкурэнцыі ды пачынае паступова пролетарызавацца. Слаба разьвітая прамысловасьць у краі ня можа даць работы як еўрэйскай беднаце, так і беларускай вёсцы. Экономічнае палаженьне беднаты ў краі робіцца нявыносным. А голад прынуждае шукаць выхаду. Узмацняецца