Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гаспадарцы і абыходзе тавары столькі, колькі хоча і можа з іх узяць прадпрыемца, над якім апякуецца царскі урад. Прамысловец і гандляр нажываюцца, хаваючы ў сваю тоўстую кішэню ня толькі грошы шырокага спажывача, але й дадатковую працу пролетара-рабочага. Урад падтрымвае прадпрыемца і тут, забараняючы рабочаму організавацца і абараняцца.

У перадсьмертных сударгах корчыцца канаючая Расійская імпэрыя. Каб выратавацца ад крызісу, яна старымі спрабаванымі сродкамі прагнецца скаваць моцнымі ланцугамі рэакцыі працоўныя нізы гаспадарства. Усё пушчана ў ход, каб захаваць старыя падставы імпэрыі — самаўладзтва, праваслаўе і руская народнасьць. Ажывае добра вядомая нам мікалаеўшчына з яе прыёмамі поліцэйскага гаспадарства, але капіталізм узрастае. Побач з капіталістым-прадпрыемцай, нарастае магутная сіла ўжо рэволюцыі — пролетарыят, нарастае і організуецца няпрыкметна, але ўпарта, няўхільна й беспаваротна. „Вызваленае“ сялянства ўсё больш і больш уцягваецца ў барацьбу за сваё запраўднае вызваленьне і падгатаўляе на вёсцы базу для дзейнасьці пролетарыяту.

Царскі пасад у эпоху рэакцыі канца XIX і пачатку XX ст. займаюць адзін за другім няўдалыя пасьледышы старога, што выраджаюцца фізычна і інтэлектуальна, дому Раманавых. Раней кіруе бацька Аляксандар III (1881—1894), потым сын яго Мікалай II (1894—1917). Трохсотгодняя дынастыя дала гэтых двух дэгэнэратаў для паратунку канаючай імпэрыі.

Аляксандар III быў другім сынам Аляксандра II. Дзеля гэтага з дзяцінства яго не гатавалі для выконаньня царскіх абавязкаў, бо быў жывы яго старэйшы брат Мікалай, каторы па закону быў абвешчан насьледнікам царскага пасаду. Аляксандар III зрабіўся насьледнікам толькі пасьля таго, як у 1865 годзе памёр яго брат Мікалай. З гэтага часу яго і пачалі адукаваць на слаўную пасаду ўсерасійскага імпэратара. Адукацыя да новага насьледніка прышчаплялася вельмі туга, бо яму было ўжо 20 год і, апроч таго, здольнасьці яго да навукі былі вельмі й вельмі невялікія. Гэта прызнаваў, нават, яго бацька, Аляксандар II, і быў нездаволен няздольнасьцю сына. Трэба яшчэ дадаць, што новы насьледнік быў алькоголікам, і навука не магла ўвайсьці ў галаву, заўсёды адурманеную гарэлкаю. Зрабіўшыся ўсерасійскім самаўладцам, Аляксандар III не расстаўся са сваім алькоголізмам. „Божы памазальнік“ рэдка калі быў цьвярозым. Алькоголізм зьвёў яго і ў магілу параўнальна яшчэ ў маладыя годы. Гэта быў цар з вельмі абмяжованым сьветапаглядам, з „истинно-русским“ чорнасотніцкім настроем. Даволі адзначыць, што ён з скарбовых грошай выдаў нагароду вядомаму авантурніку Лютастанскаму, каторы паднёс яму паскудную сваю брошуру „Об употреблении евреями христианской крови“.