Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дабрадзеямі сваіх сялян. Сяляне за гэта любяць і шануюць такіх паноў, як сваіх родных бацькоў. Усё зло, лічыць аўтар, у падпанках. Яны, карыстаючы з таго, што пана няма ў маёнтку, ці пан занадта даверыўся ім, зьяўляюцца штодзеннымі злыднямі для селяніна. Калі-б ня гэтыя злыдні-падпанкі — рандатары, аканомы і г. д., — каторыя крыўдзяць, зьдзекуюцца і дзяруць з селяніна апошняю скуру, то на Беларусі быў бы патрыярхальны рай.

Часам Марцінкевіч асьмельваецца патрабаваць ад паноў, каб яны ня толькі ў імя карысьці сялянства, але й для сваёй карысьці зьвярнулі увагу на селяніна, на яго працу і цяжкую долю, бо селянін ёсьць экономічная апора ладу, ён сваёю працаю корміць і пана, і другія станы грамадзянства. А ў адным з вершаў („Вясна, голад, перапала“…) аўтар дашоў нават да такой сьмеласьці, што загаварыў аб волі для прыгнечанага селяніна. У гэтым вершы селянін кажа, што „вось нам вольнасьць дадуць скора, і, як птушкі, будзем жыць“. Вольнасьць Марцінкевіч разумее вельмі прымітыўна. Селянін у яго вершы так вызначае вольнасьць: „Будзем роўныя з панамі, самі будзем мы паны — і гарэлку піць збанамі і гуляць так, як яны“. Праўда, далей аўтар глыбей падходзіць да справы і кажа: „Перастануць нашым братам (селянінам), як скацінай, таргаваць; напускацца ліхім матам, скуру з ног да карку драць. Хоць халодна, хоць галодна — холад, голад ніпачом! Эх, каб толькі нам свабодна! На свабодзе аджывём“. Палажэньне пана пры волі будзе дрэннае, і селянін вуснамі Марцінкевіча так кпіць над панам, згубіўшым дармовую працу свайго былога раба: „Вось паном ня дужа лоўка: самым трэба працаваць! Пабаліць ня раз галоўка, калі прыдзецца араць! Не адзін-то папацеець і заскача драпака — бо сам толькі есьць умеець ды драць скуру з мужыка“. Без селяніна і ў далейшыя часы пан не абойдзецца, але ён павінен будзе падходзіць да селяніна не старымі сродкамі — „пугай ды дубінай“, а зусім пановаму: „Мужык будзеь не скацінай, ня раз скажа пан з паноў: пане Грышка, пане Міна! Як-жа васпан, ці здароў“.

Цікава тое, што наагул рахманае і далікатнае народніцтва Дуніна-Марцінкевіча спатыкае опозыцыю ў шляхецкіх колах. Нават такі прогрэсыўны пясьняр, як У. Сыракомля, папаў у лік опозыцыянэраў. Яму, напрыклад, не спадабалася, што адзін з герояў Марцінкевіча — Гапон, катораму ўдалося выбіцца з сялян у афіцэры, робіць помсту мучыцелю сялян і свайму ворагу аканому. „Сыракомля заўважыў яму (Марцінкевічу), што ў апавяданьні няма эстэтычнага погляду артысты, ёсьць няхват заслоны, якая прыкрыла-бы надта жорсткую нагату самае праўды. Сыракомля ня мог згадзіцца з тым, што Гапон памшчаецца ворагу-аканому“ (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920, стар. 81).