Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыехаўшы з Расіі „культуртрегер“ мог лепш абсесьціся на новым месцы, яму выдавалася, без залічэньня на рахунак, паўгадовая пэнсія. Разам з сьвяшчэньнікамі і настаўнікамі выклікаюцца з устаноў цэнтральнай Расіі і ураднікі як на вышэйшыя, так і на звычайныя пасады. Беларусь сьпешна нагружаецца вялікарускімі бюрократамі ўсіх рангаў і тыпаў, каторыя ў большасьці зьяўляюцца адбросамі Расіі.

Нездавольваючыся офіцыяльнымі запрашэньнямі ўлады, Карнілаў піша прыватныя лісты да архірэяў, грамадзянскіх і навуковых дзеячоў Расіі, каб яны па сваёй добрай ахвоце агітавалі і пропагандавалі сярод вучнёўскай моладзі наконт яе прыезду на Беларусь і ў Польшчу. Друкуюцца адпаведныя абвесткі ў мясцовых і расійскіх газетах. На рускіх пісьменьнікаў і дзеячоў правага лягеру, асабліва на славянафілаў, гэтыя прызывы зрабілі ўражаньне. Яны пачынаюць прапаведваць „крыжовы паход“ на „заходнія вобласьці“ Расіі ў імя русіфікацыі гэтых краін. Вось перад намі артыкул І. Аксакава пад назваю „Что такое полонизм?“, зьмешчаны ў газэце „День“. Там мы чытаем такое месца: „У газэтах бесьперастанку друкуецца пропозыцыя ад ураду да рускіх з вялікарускіх губэрань, каб яны занялі пасады міравых пасрэднікаў і некаторыя іншыя ў нашых заходніх вобласьцях. Няхай-жа чэсная адукаваная моладзь, скончыўшы навуку ў унівэрсытэце, пакіруецца ў Заходні край з сваімі сьвежымі, бадзёрымі сіламі і зьявіцца там місыёнэрам рускай народнасьці“ (С. Шолкович. Сборник статей, разясняющих польское дело в Зап. России. Вильна. 1885 г. Вып. 2, стр. 337). „Крыжовы паход“ на Беларусь адбыўся. Трэба толькі сказаць, што ў ім прыняла удзел ня столькі „чэсная“, колькі кар‘ерыстычна-настроеная моладзь.

Каб павялічыць лік настаўнікаў, каторыя-б адпавядалі урадавай політыцы як на акраінах, так і ў цэнтры, у 1864 годзе было прынята „палажэньне аб настаўніцкіх сэмінарыях“. У гэтым жа годзе ў Маладзечне закладаецца першая наагул у Расіі настаўніцкая сэмінарыя. Статут сэмінарыі прасякнуты звычайнымі для таго часу прынцыпамі — праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці. Былі падабраны адпаведныя духу уставу пэдагогі, найбольш з скончыўшых духоўныя школы. Сэмінарыі адпушчаюць сродкі для вучнёўскіх стыпэндый, каб прыцягнуць да навукі бедных мясцовых юнакоў, замацаваць іх за школай і перарабіць на працягу 3-4 год „в истинно-русских людей“. І трэба зазначыць, што сэмінарыі з пасьпехам выконвалі ўскладзенае на іх рускім урадам заданьне. Яны тварылі і выпускалі ў сьвет новую, вышаўшую найчасьцей з сялянства інтэлігенцыю, каторая адрывалася ад працоўных беларускіх мас і прыставала да тэй інтэлігенцыі і бюрократыі, каторая была выклікана з Вялікарусі. На першым месцы сэмінарскае програмы стаяў „закон божы“. Рэдкая сэмінарыя ня мела сва-