Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грунтавыя гасьцінцы, то на Беларусі пэўна рай. Адна бяда, на думку аўтара, у гэтым раі ня можа сесьці на карк беларускага селяніна, замест старога прыгоншчыка, польскага пана, новы прыгоншчык, пан „истинно-русского“ пахаджэньня.

Дастойным супрацоўнікам Мураўёва па русіфікацыі быў І. П. Карнілаў. У 1864 годзе з пасады памочніка папячыцеля Пецярбурскае вучэбнае вакругі ён, па прадстаўленьню Мураўёва, быў назначан папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, у склад каторае ўходзіла Беларусь і Літва. Мураўёў, як прадстаўнік адміністрацыйнай улады, забясьпечваў найчасьцей інтарэсы бягучага моманту; Карнілаў, як прадстаўнік рускай навукі і як кіраўнік тагочаснай адукацыі і выхаваньня на Беларусі, павінен быў забясьпечваць будучыну русіфікацыі. Агульныя асноўныя прынцыпы русіфікацыі — праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасць — зрабіліся асноўнымі прынцыпамі і школы. Школа, каторая паступова пападае пад лепшы дагляд і кантроль рускай улады, атручвае гэтымі прынцыпамі беларускую моладзь і гатовіць новых русіфікатараў ужо мясцовага пахаджэньня.

Самаю моцнаю і пэўнаю атрутаю, катораю найбольш карысталіся і на якую найбольш зьвярталі увагу русіфікатары-працаўнікі акругі — была праваслаўная рэлігія. І тут яны ішлі звычайным шляхам мураўёўшчыны, каторая тое самае рабіла ў адміністрацыйнай часьці. У васнову выхаваньня і навучаньня ў школе кладзецца праваслаўе, і з ім ужо зьвязваецца, на яго ўжо апіраецца і руская народнасьць: каталік — значыць паляк, праваслаўны — значыць рускі. Такім спосабам, зусім выкасоўваецца беларус; ён лічыцца за паляка, калі ён каталік, і за рускага, калі ён праваслаўны. Школа ўсімі выхаваўчымі сродкамі стараецца прышчапляць вучням нецярпімасьць да другіх вер і нацый, каторых так многа на Беларусі. Вучням прышчапляецца думка, што запраўднай на Беларусі зьяўляецца толькі праваслаўная вера, каторая робіць беларуса праўдзівым рускім чалавекам; апроч таго, яна, змагаючыся з каталіцтвам, каторае спуталася з паўстаньнем і паўстанцамі, робіць беларуса шчырым прыхільнікам рускага самаўладзтва. Тую ролю, якая была ўскладзена вучэбнай акругай на праваслаўную рэлігію ў школе, добра вызначыў сам Карнілаў у сваёй гадавой справаздачы за 1868 год. Ён там піша так: „Калі наогул вельмі важна, каб праваслаўная моладзь выхоўвалася ў пачуцьцях павагі і прыхільнасьці да правіл сваёй веры, то ў Заходнім краі, дзе праваслаўная царква так доўга была прыніжана і прыгнечана і дзе праваслаўная барацьба з лацінствам яшчэ ня скончана, такое запатрабаваньне робіцца прадметам важнай канечнасьці. Праваслаўная царква зьяўляецца тут адвечным абаронцам рускага духу, надзейнаю апораю проціў дамаганьняў лацінства і полёнізму і моцным зьвяном, которае зьвязвае край з цэнтральнай