Перайсці да зместу

Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1926).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

комітэту (Каліноўскі, Малахоўскі), часткаю выбываюць самі па сабе (Зьвірждоўскі) і замяняюцца белымі. Чырвоныя, што засталіся, бялеюць пад уплывам белай Варшавы. Каліноўскі з таварышамі, каб падмацавацца, уступаюць у зносіны з чырвонаю групаю цэнтральнага ураду.

Перамозе белых як у цэнтры, так і на Беларусі, памагло тое, што на старану белых перадалася моцная „Цэнтральная польская організацыя“ у Петраградзе, каторая да вясны 1863 г. лічыла сябе чырвонаю. На чале польскай організацыі ў Расіі стаяў штабс-капітан акадэміі гэнэральнага штабу Зыгмунт Серакоўскі, яго памочнікам быў віцэ-дырэктар дэпартаманту неабкладных збораў, Ёзафат Агрызка. Організацыя мела вялікія сродкі і шырокія сувязі з рэволюцыйнымі коламі ў Расіі. Шмат хто з яе сяброў займалі вельмі высокія вайсковыя і цывільныя пасады. Дзякуючы гэтаму, організацыя мела магчымасьць выведваць політычныя і стратэгічныя сакрэты і адводзіць ад сябе памысьленьне ў політычнай няпэўнасьці. Гурткі організацыі былі параскіданы па губэрскіх і павятовых гарадох Расіі. Асабліва многалоднымі і добра організованымі былі польскія гурткі ў Маскве, Кіеве, Казані. Усе гурткі вялі акуратныя зносіны паміж сабою, з Пецярбургам, з Вільняю, Варшаваю і Парыжам. Былі ўстаноўлены організацыйныя сувязі з рускімі падпольнымі організацыямі, каторыя зьвязваліся з польскімі гурткамі, як опозыцыйнымі і рэволюцыйнымі, не ўглядаючыся у іх соцыяльныя запатрабаваньні і соцыяльны склад сяброў.

Пасьля перагавораў з Варшаваю, Вільняю і Парыжам польская організацыя ў Расіі ўвашла ў контакт з белымі. Апіраючыся на яе, белыя і ў Польшчы, і на Беларусі пачалі граць на першых скрыпках. Каліноўскі і Малахоўскі ў Вільні прымушаны былі ўхіліцца ад удзелу ў дзейнасьці комітэту. Яны абодва пакіраваліся тады ў Горадзеншчыну, куды Каліноўскі быў назначан камісарам. Што датычыць да Малахоўскага, то ён праз нейкі час быў назначан памочнікам начальніка Вільні.

У сакавіку 1863 году ў Вільню ад пецярбурскай польскай організацыі прыехаў Серакоўскі. Разам з белым комітэтам, ён апрацаваў плян паўстаньня на Беларусі. Першаю мэтаю было пастаўлена заняць крэпасьць Дзьвінск. Прапанавалася для гэтай мэты ўвясьці ў горад і крэпасьць паўстанцаў у постаці рабочых, каторыя як-бы прышлі туды для будоўлі дзьвінскага косьцелу. Потым на ўсходзе Беларусі павінны былі быць заняты Горы-Горкі, дзе трэба было сабраць усіх паўстанцаў Магілеўшчыны і, разам з імі, захапіць магілеўскі артылерыйскі парк. Паўстанцкі штаб з галоўнейшымі сіламі павінен абсесьціся ў Ковеншчыне. Тут будзе працаваць Серакоўскі разам з выдатным ксяндзом-партызанам Мацкевічам. У лясох Ковеншчыны будзе організован пастаянны набор паўстанцаў і будзе формавацца армія для паўстаньня на Літве і Берарусі.