Літве і Беларусі. Тут на гаспадарку робіць уплыў заходні капіталізм, каторы яскрава вызначае ўсю некарыснасьць гаспадаркі, пабудованай на сярэднявяковых фэўдальных нормах.
Яшчэ ў 1857 годзе, па прыкладу мікалаеўскай эпохі, паводле загаду Аляксандра II быў утворан Сакрэтны Комітэт для палепшаньня быту сялянства. Комітэт займаўся канцэлярскаю перапіскаю і пісаньнем усялякіх проэктаў. Якраз прыбыў у Петраград віленскі гэнэрал-губарнатар Назімаў, каторы прывёз з сабою проэкт вызваленьня сялян, апрацованы панствам літоўскіх і беларускіх губэрань. Сэнс проэкту зводзіўся да таго, каб аслабаніць зямлю ад сялян, чаго даўно дабівалася літоўскае і беларускае панства. Паны прапанавалі ураду вызваліць сялян без зямлі, пусьціўшы іх на ўсе чатыры бакі, даць ім, гаворачы прасьцей, так званую воўчую волю. Проэкт праваляўся ў комітэце каля месяца, пераходзячы з аднаго пасяджэньня на другое, з адной канцэлярыі ў другую, пакуль не папаўся ў рукі цара.
Зразумела, што урад ня мог згадзіцца на пропозыцыю безьзямельнага вызваленьня. Воўчая воля была для царскага ураду політычна небясьпечнай, бо, дзякуючы такому вызваленьню сялян, у імпэрыі зьявілася-б каля 22 міліёнаў беспакойных, неабседлых, рухавых пролетараў, каторыя пагражалі-б існаваньню самаўладнага ладу. Выбітыя з старой каляіны, незабясьпечаныя нават працай, як беспрацоўныя, яны былі-б тэю сухою саломаю, каторая пры самай маленькай іскрачцы дае вялікае полымя.
У лістападзе 1857 году, у вадказ на пропозыцыю панства Літвы і Беларусі (Горадзенскай, Ковенскай і Віленскай губ.), быў выдан царскі рэскрыпт на імя віленскага гэнэрал-губарнатара Назімава. Паводле рэскрыпту дазваляецца вызваленьне толькі з зямлёю. За панамі прызнаецца права ўласнасьці на зямлю; сялянам даецца права выкупіць ва ўласнасьць усадзебную зямлю і атрымаць у карыстаньне палявую зямлю за аброк ці паншчыну. Што датычыць да колькасьці зямлі, то ў рэскрыпце сказана, што зямлі павінна хапіць „для належнага забясьпечаньня сялянскага быту і для выкананьня абавязкаў перад урадам і панам“. Такая нявыразная формуліроўка колькасьці зямлі заўсёды давала перавагу пану, каторы вызначаў і даваў надзел селяніну. Рэскрыпт загадвае Назімаву злажыць у Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрнях комітэты па справе вызваленьня сялян. Комітэты павінны апрацаваць проэкты вызваленьня і проэкты „положений“ для вызваленых ужо сялян. Копіі з рэскрыпту былі разасланы ўсім губарнатарам і шляхецкім губэрскім маршалкам, што надало рэскрыпту агульнадзяржаўны сэнс. Некаторыя губарнатары прынялі копіі з рэскрыпту, як загады, і комітэты паступова пачалі ўтварацца ў розных губэрнях. Вельмі хутка зьявіліся комітэты ў губэрнях — Менскай, Віцебскай і