нявыяўленасьці экономічнага палажэньня вялікага краю ўвесь час будзе рабіць уплыў на мерапрыемствы ў справе сялянства. Вельмі тыповым у гэтых адносінах зьяўляецца адзін з улюбёных афорызмаў самога Міколая I: „Прыгоннае права ёсьць зло, але скасаваньне яго ёсьць яшчэ горшае зло“. Верна і нязьменна трымаючыся такога прынцыпу, мікалаеўскі урад не скасуе прыгону. Ён здаволіцца напоўмерамі, каторыя не дадуць ніякіх рэальных вынікаў і не здаволяць запатрабаваньняў складанага бягучага моманту.
Сялянскую справу урад пачаў выяўляць у зьвязку з пытаньнем аб скарбовых дзяржаўных маемасьцях. Гэты факт ёсьць вельмі тыповы для таго часу, бо скарбовы (казённы) селянін мікалаеўскай эпохі зьяўляецца маемасьцю гаспадарства, а не яго грамадзянінам. На чале справы быў пастаўлен Мікалаем I П. Д. Кісялёў, міністар скарбовых маемасьцяй (государственных имуществ), якое міністэрства было ўтворана ў 1839 годзе. Лічачы сялянскае пытаньне вельмі важным і балючым, Мікалай I ўвесь час прагнецца сам кіраваць усёю справай і рукаводзіць дзейнасьцю Кісялёва. Урад ня мае рашучасьці адразу заняцца палепшаньнем быту прыватнаўласьніцкіх сялян, бо баіцца раптам закрануць інтарэсы паноў-земляўласьнікаў. Першы шляхціц фэўдальна-бюрократычнага свайго гаспадарства, рускі самаўладца, з вялікаю асьцярожнасьцю падыходзіць да інтарэсаў сваіх малодшых таварышаў, дваран Расіі. Вось чаму сялянская справа пачынае разглядацца з сялян не прыватнаўласьніцкіх, а скарбовых. Скарбовых сялян, паміж іншым, значна менш, чым прыватнаўласьніцкіх і палажэньне іх усё-ж такі лепшае, чым апошніх.
У канцы 1839 году быў абвешчан указ аб тым, каб па ўсёй імпэрыі пачаць так званую люстрацыю скарбовых маёнткаў. На аснове ўказу і ў Расіі і на Беларусі было прыступлена да складаньня люстрацыйных сьпіскаў для скарбовых маёнткаў. Люстрацыйны сьпісак устанаўліваў ніжэйпаданае: 1) агульны зямельны фонд маёнтку; 2) расклад па сялянскіх дварох тых зямель з фонду, каторыя для іх нарэзваліся для больш-менш сталага карыстаньня; 3) дакладнае пералічэньне тых абавязкаў і павіннасьцяй, каторыя трэба было нясьці сялянскаму двару за атрыманую зямлю. Люстрацыйнымі сьпіскамі урад хацеў цьвёрда ўстанавіць колькасьць зямлі на сялянскі двор і абавязкі скарбовага селяніна ў адносінах да скарбу, каб такім спосабам, з адной стараны, селянін ня мог ухіліцца ад падаткаў і павіннасьцяй, а з другой стараны, каб было менш гвалтаў і злоўжываньня ў адносінах да селяніна з боку кіраўнікоў скарбоваю маемасьцю. Скарбовыя сяляне на Беларусі пры ўтварэньні люстрацыйных сьпіскаў атрымалі надзелы ад 12 да 22 дзесяцін зямлі на двор. Раней плата за адпуск скарбовага селяніна на аброк залежала ад кіраўніка маёнтку і была