Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

расьследваньне. Павялічаюцца ўцёкі сялян на поўдзень. Сярод забітых мас пашыраюцца самагубствы, каторыя прымаюць стыхійны характар. Каб зацямніць гэтыя факты, для іх устанаўліваецца нават, як фігавы лісток, офіцыяльная назва «скоропостижно умершие». У некаторых паветах такіх «скоропостижно умерших» прыходзіцца лічыць сотнямі.

Справа ня спыняецца на гэтым пасыўным протэсьце. Сялянскае нездавальненьне выяўляецца і актыўнымі спосабамі. Яно выяўляецца ў сялянскіх паўстаньнях, каторыя носяць хоць і спорадычны характар, але ніколі не перарываюцца. Рэпрэсыйныя мерапрыемствы ўлады нічога ня могуць зрабіць: толькі што задушаць паўстаньне ў адным месцы, яно вынікае ў другім. За часы мікалаеўскага цараваньня вынікла па прыблізным падліку больш 650 паўстаньняў, што ў сярэднім дае на год больш 20 паўстаньняў. Але тыпова тое, што лік паўстаньняў раскладаецца па гадох не роўнамерна, а прогрэсыйна ўзрастае. У 1826 годзе налічвалася 85 сялянскіх паўстаньняў, а ў 1845 годзе яны дашлі да лічбы 207. Локальныя, спорадычныя паўстаньні ў 1854 і 1855 гадох перашлі ў масавае паўстаньне ў сувязі з чуткамі, што хто запішацца ў апалчэньне, той будзе мець волю.

Палажэньне селяніна на Беларусі было яшчэ цяжэйшае, чым наагул у Расіі. Толькі што адбылося паўстаньне 1831 году. Край перажыў грозную буру, каторая пакінула пасьля сябе сьляды зруйнаваньня. Калі паўстаньне распачыналася і селянін быў патрэбен як паўстанцу, так і рускай уладзе, то яму з двух бакоў абяцалі ўсялякія палепшаньні. Польскія паны заклікалі беларускага селяніна да удзелу ў паўстаньні, стараючыся даказаць яму, што вольная Рэч Паспалітая дасьць яму і яго дзецям узгароду за яго удзел у адбудаваньні Польшчы. Вельмі часта паны цягнулі беларускага селяніна ў паўстаньне сілком, карыстаючыся з паднявольнасьці прыгоннага «хлопа». Што датычыць да прадстаўнікоў рускай улады, то яны наадварот, заклікалі селяніна на дапамогу да сябе, таксама абяцаючы яму палепшаньне яго долі. І тут часта бывала, што селянінам урад карыстаўся зусім проціў яго волі. Кончылася паўстаньне, і селянін ня толькі не атрымаў ніякіх здабыткаў ні з таго, ні з другога боку, але яшчэ больш зьбяднеў ад спусташэньня краю, каторы цярпеў і ад паўстанца і ад рускага салдата. У тых мясцох, дзе селянін воляй ці няволяй пашоў за палякам-панам, яго пустошылі атрады рускіх. Там, дзе ён ішоў проціў паўстанца, яму пападала ад прыгоншчыка-пана. Там, дзе селянін трымаўся нэўтральна, яму найчасьцей пападала з двух бакоў разам, бо кожны ваюючы бок лічыў яго сваім ворагам.

Пасьля паўстаньня беларускае сялянства вельмі неспакойна. То там, то сям вынікаюць неорганізаваныя локальныя бунты, для пагашэньня каторых прыходзіцца ураду ўжываць збройную сілу. Вельмі