Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Сялянскае пытаньне ў часы мікалаеўскай эпохі.

Другая чвэрць XIX сталецьця была часам росту агульна-рускай прамысловасьці. Прамысловасьць ужо вырасла настолькі, што для продуктаў яе вырабу зьяўляўся зацесным стары хатні рынак. Прыгоншчык пан адбіраў у селяніна лішкі, каторыя давалі-б яму большую купчую здольнасьць. Каб уцягнуць сялянства ў пашырэньне рынку, трэба было пакінуць гэтыя лішкі яму, вызваліўшы яго ад панскага прыгону. Гэтага-ж вызваленьня селяніна ад прыгону патрабаваў моцна растучы кляс фабрыкантаў і прадпрыемцаў, каб мець рабочыя рукі больш танныя, чым яны былі дагэтуль. А заработная плата павышалася затым, што значная большасьць рабочых была з аброчных сялян, каторыя павінны былі запрацаваць і сабе на пражыцьцё, і пану на выплату аброку. Тыя фабрыканты, каторыя карысталіся прыгоннымі рабочымі, зразумелі, што для прадпрыемства вольна-наёмная праца зьяўляецца больш продукцыйнай, чым прыгонная. Фабрыкі і заводы, да каторых былі прыпісаны прыгонныя, так званыя посэсыйныя сяляне, у якасьці рабочых, пачалі іх вызваляць, што прабівала дзірку ў мурох векавога прыгону.

Зьявіліся паны-прадпрыемцы і ў вясковай гаспадарцы. Яны, зганяючы з зямлі сваіх сялян, пашыралі сваю панскую запашку і прагнуліся да інтэнсіфікацыі гаспадаркі. Гэты факт даволі часта спатыкаецца на Беларусі. Тут сагнаныя з панскай зямлі сяляне носяць назву месячнікаў. Яны забіраюцца панам на яго ўтрыманьне. Зразумела, што пан дае ім толькі такое ўтрыманьне, каб яны не памерлі з голаду. Месячнікі, каторыя такім чынам, ужо зусім ня мелі сваёй уласнай сялянскай гаспадаркі, былі пастаяннаю рабочаю сілаю маёнтку, каторая рабіла магчымаю інтэнсіфікацыю панскай гаспадаркі. Прыгоннае права ўжо не здавальняла паноў новага тыпу, бо перашкаджала інтэнсіфікацыі іх гаспадаркі.

Але стары гандлёвы капітал, які карміўся сокамі запрыгоненага сялянства, яшчэ не здаваўся. Прыгоншчыкі паны, ня чуючы новых запатрабаваньняў жыцьця, моцна стаялі на старых, сталецьцямі пабудаваных позыцыях. Прыгоннае права, на іх погляд, было тэю экономічнаю асноваю жыцьця гаспадарства, каторая цалкам яго трымала. Зруйнаваньне гэтай асновы няўхільна давядзе гісторыю да поўнага упадку.

Урад апынуўся паміж двух агнёў—паміж молатам прамысловага капіталу і кавадлам гандлёвага капіталу.

Між тым палажэньне сялянства ўсё пагаршаецца. Урад завален скаргамі сялян на паноў. Факты, апісаныя ў скаргах, настолькі пагражаючыя існуючаму строю, што нават царскі урад часам назначае