Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каторыя поруч з беларускім бытам і мовай добра ведалі польскую і рускую літаратуру свайго часу.

Паралельна з вышэйпаказанай літаратурай і не бяз уплыву яе ў 30-ыя годы XIX сталецьця мы спатыкаем творы зусім другога роду. Пабеларуску пачаў пісаць ужо ня шляхціц, а запрыгонены селянін Паўлюк Багрым. Нажаль, мы зусім мала ведаем аб асобе і творах гэтага песьняра. Родам ён з Крошына Наваградзкага павету. Там была школа пад загадам ксяндза-народніка Магнушэўскага, дзе і вучыўся Паўлюк. Магнушэўскі атрымваў з Вільні «Брукавыя Ведамасьці» і меў невялічкую бібліятэку, з каторай даваў кнігі і вучням. Хлопчык Паўлюк вельмі любіў чытаць вершы, каторыя ён вывучваў напамяць і перапеваў. Зразумела, што гэта былі вершы польскіх песьняроў. Ад перапіскі вершаў П. Багрым перашоў і да ўласнай творчасьці, але яна выяўлялася ўжо ў вясковай, «мужыцкай» беларускай мове. Пяру яго прыпісваюцца тры вершы—«Гутарка Данілы са Сьцяпанам», «Размова пана з мужыком» і «Заграй, заграй, хлопча малы». Усе тэмы зьместам рэальна вясковыя. Зьместам зьяўляецца апісаньне цяжкой долі запрыгоненага селяніна. Ненавісьць да пана злучаецца з манархізмам, што вельмі тыпова для селяніна, каторы пры сваім соцыяльным будаўніцтве быў зусім несьвядомым політычна. Асабліва цікавы верш «Заграй, заграй...», каторы мае, здаецца, і аўтобіографічнае значэньне. Верш народны, поўны жывых вобразаў, узятых з вясковага сялянскага жыцьця.—Сярдзіты, неміласэрны пан у Крошыне. Кіямі забіў ён бацьку селяніна. Маці тужыць, сястра плача. Лепш быць ваўкалакам, лепш быць вольным коршуном, бо тады селянін абышоўся бы без паноў. «У паншчыну-б не пагналі і ў маскалі-б не аддалі». Аўтар ненавідзіць паноў і перакананы ў тым, што на галаву іх калісь прыдзе расплата за іх злачынствы ў адносінах да сялянства. Але пакуль што настрой песьняра бязвыхадна цяжкі. Куды пайсьці, дзе абярнуцца? «Ой, кажане, кажане! Чом ня сеў ты на мяне, каб я большы не падрос ды ад бацькавых калёс!» Калі-б ён быў такім малым, яго не аддалі-б у маскалі.

У Крошыне здарыўся сялянскі бунт. П. Бахрым, як мы ведаем з некаторых вестак, быў прызнан уладаю удзельнікам гэтага бунту. Шмат сялян за бунт выслалі ў Сібір, а П. Бахрыма паставілі «пад чырвоную шапку» (здалі ў маскалі), дзе і прыпынілася яго творчасьць. Пасьля 25-гадовай мікалаеўскай службы ён вярнуўся дадому ў Крошын, дзе і памёр, здаецца, у 1891 годзе.

Такім чынам загінуў пясьняр, каторы меў задаткі, каб зрабіцца Шаўчэнкам беларускай поэзіі. Дзьверы да тагочаснага беларускага нацыянальна-культурнага руху былі яшчэ зачынены для запрыгоненага, простага селяніна.