Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

найчысьцейшым усходня-славянскім тыпам, ён часта называе яго крывічом, якая назва часта потым будзе спатыкацца ў далейшых этнографаў. Найцікавейшы яго твор «Путешествие но Полесью и Белорусскому краю», надрукованы у 1853-4 гадох. Тут апісана падарожа аўтара ад Варшавы да ігумна (Чэрвеня). Вельмі доўга аўтар спыняецца на апісаньні Менску. М. Гарэцкі так характарызуе гэты твор Шлілеўскага: «Падарожа напісана ў лёгкай бэлетрыстычнай форме, жывою літаратурнаю маскоўскаю моваю з беларускімі ўстаўкамі: орыгінальнымі словамі, зваротамі мовы, а то і з цэлымі размовамі. З кожнага радка «падарожы» выступае гарачая любоў да Беларусі і глыбокая сыноўская пашана да яе нацыянальнага духу. Беларускія тыпы, пэйзажы, абразы стаяць, як жывыя, уваччу на працягу ўсяго твору. Ліецца салодкі аромат нашай поэзіі, чуецца шчыры дух нашага жыцьця. (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. І, 1920 г., стар. 74). З канца 40-ых гадоў пачынае сваю працу і Кіркор. Яго творы пачынаюць друкавацца з 50-ых гадоў. Найлепшым з іх зьяўляецца праца «Літоўскае і Беларускае Палесьсе», надрукованая ў III томе выданьня П. П. Сямёнава «Живописная Россия». Гэтую працу і цяпер карысна знаць усякаму, хто цікавіцца беларускім пытаньнем. Тут ёсьць надта цікавыя артыкулы археолёгічнага і гістарычнага зьместу. Апрача таго, у творах Кіркора ёсьць шмат этнографічна-бытавых матар’ялаў. Жыцьцё беларуса абхоплена з усіх бакоў. Мы бачым селяніна-беларуса на радзінах, вясельлі і хаўтурох, у сьвята і ў будні; бачым, як ідзе ён, сьпяваючы сваю песьню, у поле і з поля; бачым, як, сеўшы паважна на прызьбе сваёй хаты, ён слухае казкі і паданьні, якія апавядае яму сівая старасьветчына вуснамі сівога дзеда.

У процівагу польскім пісьменьнікам беларускай школы рускія аўтары даказваюць, што Беларусь—«искони русский край», што яна зьяўляецца толькі паўночна-заходняй краінай Расійскай імпэрыі, што беларусы ёсьць тое самае, што і вялікарусы, што беларуская мова ёсьць толькі «наречие» рускай мовы.

Цікавасьць да Беларусі з боку Польшчы і Расіі адбілася і на інтэлігэнцкіх колах самой Беларусі. Сярод іх падтрымваецца беларускі нацыяналістычны настрой і інтарэсы да твораў у беларускай мове. Асаблівую популярнасьць заваявалі два рукапісныя творы, каторыя перапісваліся бясконца і шырока хадзілі па руках. Гэта—«Пераліцованая Энеіда» і «Тарас на Парнасе». Мы ня будзем тут прыводзіць зьместу гэтых поэм, бо яны добра вядомы ўсім, хто хоць крыху знаёміўся з гісторыяй беларускай літаратуры. Названыя творы пашыраюцца сярод дробнай шляхты, чыноўнікаў, настаўнікаў, вучняў і г. д. і праз іх часам даходзяць да самых глухіх вясковых куткоў. Жартаў