Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XIX сталецьце ў пачатку нясе на Беларусь полёнізацыю, а з 30-х гадоў—русыфікацыю. Але трэба сказаць, што і тая і другая пашыраюцца сярод соцыяльна-вышэйшых груп беларускага жыхарства. Ня чуючы сваёй мовы сярод дамоў, чыноўнікаў і інтэлігэнтаў, цёмны беларускі селянін пачаў думаць, а потым стаў перакананы ў тым, што яго мова ёсьць толькі мужыцкая мова, мова някультурнага і бяспраўнага люду; што на гэтай мове немагчыма ані гаварыць нешта разумнае, ані пісаць, ані чытаць, ані друкаваць кніжак. У гэтай думцы падтрымлівалі яго і пануючыя станы, выстаўляючы на зьдзек беларускую мову, як мову мужыцкую, мову някультурных працоўных мас. І беларус-селянін, захаваўшы ў курнай хаце беларускую мову, меў пакуль што пачуцьцё сваёй асобнасьці соцыяльна-экономічнай, а з нацыянальнага боку ён ня быў сьвядомым.

Вёска на Магілёўшчыне на пачатку XIX ст.

Тым ня менш, з пачатку XIX сталецьця на Беларусі і па-за яе межамі пачынаецца разьвіцьцё нацыянальнага беларускага руху. Карані гэтага руху вырастаюць з экономічнага, разам з тым політычнага стану Польшчы, Расіі і Беларусі.

Польшча, падзеленая ў канцы XVIII сталецьця суседзямі, прагнецца ў гэтыя часы зноў стаць на ногі і адрадзіцца, як політычны організм. Сучасныя абставіны спрыяюць ёй. Але само сабою зразумела, што без тэрыторыі Беларусі, як сваіх усходніх «крэсаў», Польшча адбудавацца ня можа, як дужае гаспадарства. Ня можа і ня хоча яна абыйсьціся бяз прыгоннай працы беларускага селяніна, каторы працаваў на поль