Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны здаліся. Трэба сказаць, што рэшткі вуніяцтва тут трымаліся вельмі доўга. Яшчэ ў 90-ых гадох XIX сталецьця тут у праваслаўных ужо царквах стаялі абразы вуніяцкіх сьвятых і сьпяваліся ў часы набажэнства сьпевы старых, так званых богагласьнікаў.

Асабліва моцны і шырокі рух проці прылучэньня да праваслаўнай царквы падняўся ў Беларускай епархіі, цэнтрам якога зрабіўся г. Полацак і яго акруга. Тут на абарону вуніі выступілі больш чым сто парафій з іх папамі. На чале руху стаялі вельмі адукаваныя для свайго часу сьвяшчэньнікі—Ян Ігнатовіч і Адам Танковіч, і тут, як і ў Беластоцкай вобласьці, было пададзена прашэньне на імя цара. Пад прашэньнем падпісаліся ад імя сваіх парафій 111 сьвяшчэньнікаў. Яны прасілі вызваліць вуніятаў ад улады тагочасных іх епіскапаў, каторыя не абаранялі, а гвалтавалі вуніятаў, даць ім праўдзівага вуніяцкага біскупа, адчыніць друкарню, у якой друкаваліся-б вуніяцкія царкоўныя кнігі, адчыніць школы для падгатоўкі вуніяцкага духавенства і г.д. Сямашка, даведаўшыся аб руху ў Полаччыне, пісаў ураду, што ў адносінах да тых, хто падпісаў паданьне, трэба прыняць самыя рашучыя меры. Зразумела, што урад і бяз гэтай парады йшоў да сваёй мэты — скасаваньня вуніі — вельмі рашуча. У вадказ на паданьне пасыпаліся рэпрэсіі на тых сьвяшчэньнікаў. Частку з іх разаслалі па рускіх праваслаўных манастырох, частку перамясьцілі ў другія епархіі, частку панізводзілі на пасады прычотнікаў-дзякоў і г. д. Пад цяжарам гэтых рэпрэсій абаронцы вуніі павінны былі здацца і па паказаньнях офіцыяльных папер «раскаяліся». «Нераскаяных» грэшнікаў, каторыя не захацелі адступіць з сваёй позыцыі, засталося каля 10 чалавек. Іх канчаткова выселілі ў вялікарускія губэрні, дзе яны і памерлі. Протэст быў зьліквідован. Тут пералічаны толькі некаторыя з протэстаў. Іх было шмат. Яны вялікім цяжарам ляглі на сялянства Беларусі.

Пасьля ліквідацыі протэстаў прышоў ужо час «будаваць дах» над новым недабудованым домам. У студзені 1839 году сабраўся ў Полацку царкоўны сабор вышэйшага вуніяцкага духавенства. На чале яго стаялі тры вуніяцкія епіскопы: Язэп Сямашка, Васіль Лужынскі Полацкі і Антон Зубко Берасьцейскі. Зразумела, што размова на саборы была кароткая, трэба было толькі абформіць прылучэньне. У лютым 1838 г ўжо быў падпісан акт «возсоединения униатов с православной церковью». Пад актам было падпісана 24 начальствуючых духоўных асоб.

Вось галоўнейшая частка гэтага акту. «Мы ўхвалілі: 1) прызнаць зноў адзінства нашай царквы з праваслаўнаю сусьветнаю царквою і загэтым ад сяго дню быць разам з данымі нам паствамі ў аднамысьлі з найсьвятшымі ўсходнімі праваслаўнымі патрыярхамі і ў паслушэнстве найсьвятшаму ўсерасійскаму Сыноду; 2) усепадданейша прасіць