Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

даў, да каторых яна ўжо звыкла за доўгі час існаваньня вуніі. Усякія протэсты супакойвалі лозамі і бізунамі. Мацей Бурачок у сваім вершы «Хрэсьбіны Мацюка» даў нам яскравы малюнак працы тагочасных прылучацеляў да праваслаўнай царквы.

Пасьля такой падгатоўчай працы урад лічыў ужо магчымым у самым пачатку 1837 году выдаць указ, на аснове каторага дэпартамэнт вуніяцкіх спраў перадаваўся пад загад Сыноду. Сынод яшчэ больш памагае на прыбліжэньне вуніяцтва да праваслаўя. Каля гэтага часу ўміраюць вуніяцкія епіскапы—Булгак і Жарскі,—каторыя не спачувалі дзейнасьці Сямашкі і ураду, чым рукі Сямашка і яго прыхільнікаў былі зусім разьвязаны. Яны цяпер патрабуюць ужо поўнага далучэньня вуніятаў да праваслаўнай царквы. У 1838 годзе Антоні Зубко ў сваёй запісцы аб вуніі піша так: «Грэка-вуніяцкая царква ёсьць цяпер падобна на занова-адбудованы будынак, пакуль пакінуты бяз даху, і варожыя стыхіі полёнізму і каталіцызму могуць памалу руйнаваць яго так, што потым і пабудованы дах не абароніць будынку. На мой погляд трэба, каб хутчэй пасьледвала царская воля аб прылучэньні нашай царквы да грэка-расійскай, згодна з пажаданьнем амаль што ўсяго духавенства».

У сувязі з такім настроем вышэйшага вуніяцкага духавенства націск на вунію і вуніятаў з яго боку вельмі ўзмацняецца. У вадказ на яго ўзмацняецца і протэст проці скасаваньня вуніі з боку ніжэйшага духавенства, каторае падтрымліваецца нездаволенымі элемэнтамі жыхарства.

Зьніштажэньне вуніяцкіх служэбнікаў і замена іх праваслаўнымі служэбнікамі, надрукованымі ў цэнтральнай Расіі, выклікалі два протэсты,—адзін на Беларусі, другі на Украіне (Клецк, Валынскай губ.). У Меншчыне, у Наваградку, сабралася да 60 вуніяцкіх папоў, каторыя падалі запіску, што яны і іх парафіі ня хочуць прымаць новых служэбнікаў. Пасьля націску ўлады, большасьць протэстантаў заявіла, што яны згодны пакарыцца загадам вышэйшай іерархіі. Урад выбраў з непакорных б папоў, абвясьціў іх зачыншчыкамі і строга пакараў,— каго турмою, каго высылкаю ў манастыр. Протэст быў зьліквідован.

Праз нейкі час падняўся протэст у Беластоцкай вобласьці. 15 парафій адмовіліся ўводзіць праваслаўныя абрады ў сваіх царквах. Было напісана паданьне на ймя цара, дзе вуніяцкія папы гэтых парафій прасілі рускі урад абараніць іх веру ад уціску і гвалту. На чале падаўшых прашэньне стаялі: Кляшчэльскі пратапоп А. Сасноўскі, Чыжоўскі, поп Ф. Гаворскі і Беразоўскі поп А. Панькоўскі. У вадказ на паданьне пачаліся рэпрэсіі над папамі і парафіянамі. Пад іх цяжкасьцю парафіі адна за другою пачалі здавацца і выяўляць сваю пакорнасьць начальству. Наймацней трымаліся Кляшчэлі, але ўрэшце і