Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Добра азнаёміўшыся з полацкімі падзеямі, і расійскі урад і яго слуга Сямашка прышлі да вываду, што трэба зьмяніць стары мэтод прылучэньня вуніятаў да праваслаўнай царквы, як мэтод занадта прымітыўны. Яны лічаць, што вуніятаў ня трэба рабіць праваслаўнымі адразу, прылучаючы іх да праваслаўя цэлымі парафіямі. Трэба зьвярнуць увагу на сутнасьць вуніяцтва і вельмі і вельмі паступова трэба мяняць адзін за адным абрады вуніяцтва з каталіцкіх на праваслаўныя. Справа ў тым, што, на аснове акту вуніі 1596 году, абрады ў вуніяцкай царкве павінны былі застацца ўсходня-грэцкія. З цягам часу паступова, пад уплывам каталіцтва, яны зьмяніліся на заходнія-лацінскія. Сямашка й высунуў думку паступова касаваць гэтую абрадавую заходнюю знадворнасьць вуніяцтва, замяняючы яе па частках праваслаўнымі абрадамі. З пачыну Сямашкі ў 1834 годзе зьбіраецца нарада з вуніяцкіх епіскапаў, большасьць каторай складаецца з прыхільнікаў Сямашкі. Нарада таксама выносіць пастанову прыбліжаць паступова абраднасьць вуніяцкай царквы да абраднасьці праваслаўнай царквы.

У наступным 1835 годзе урадам быў утворан тыповы для мікалаеўскага часу «асобны, сакрэтны» камітэт вуніяцкіх спраў, каторы складаўся з вышэйшых духоўных і сьвецкіх саноўнікаў. Комітэт офіцыяльна згадзіўся з паглядамі на спосаб далучэньня вуніятаў да праваслаўя, выяўленымі як Сямяшкаю, так і нарадаю вуніяцкіх епіскапаў.

З гэтага-ж году пачалося і зьдзейсьненьне пляну Сямашкі. Найперш заняліся іконастасамі і прастоламі. У вуніяцкіх цэрквах замест іконастасу была проста нявысокая загародка, а прастол прыстаўляўся да сьценкі, а не стаяў пасярэдзіне аўтара, як гэта бывае ў праваслаўных цэрквах. Паставіць прастол пасярэдзіне было лёгка, затое будаваць іконастасы было цяжэй: патрэбны былі сродкі. На будоўлю іконастасаў адпушчаны былі грошы з скарбу, але іх не хапала. Тады міністар унутраных спраў выдаў загад—«прапанаваць панам будаваць іконастасы і прастолы ўласнымі сродкамі ў сваіх маёнтках для здавальненьня патрэбнасьцяй сялян, што прыносяць ім карысьць сваёю працаю». Каталікі-паны, такім спосабам, павінны былі будаваць праваслаўныя іконастасы. Гэта была свайго спосабу кара польскаму панству на Беларусі за яго удзел у паўстаньні. Потым пачалі выносіць з вуніяцкіх царквей арганы і ў 1836 годзе забаранілі карыстаньне імі. За арганамі пашлі званочкі, за званочкамі—так званыя цыборыі, за цыборыямі—амбоны для казаньняў і г. д. Старыя кнігі для набажэнства былі заменены кнігамі, выданымі ў Маскве. Было загадана вуніяцкаму духавенству вясьці мэтрычныя кнігі ў рускай мове. Зноў на Беларусі адбывалася шмат гвалтаў і злачынства. Цёмная сялянская маса, хоць і не разумела, у чым справа, але абуралася зьменаю абра