Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мант ад каталіцкай колегіі і зрабіць яго незалежнай у вадносінах да колегіі ўстановай. Азіраючыся на запіску Сямашку каторы быў тады толькі асэсарам уніяцкага дэпартамэнту, урад выдаў 22 красавіка 1828 году высачайшы ўказ аб перабудове вуніяцкага дэпартаманту ў самастойную грэка-вуніяцкую колегію. Дзякуючы гэтаму, яна была вызвалена ад паслушэнства рымска-каталіцкай колегіі і падчынена беопасрэдна дэпартамэнту чужаземных вызнаньняў. У гэтым-жа годзе ў мястэчку Жыраве Слонімскага павету была адчынена грэка-вуніяцкая духоўная сэмінарыя з праваслаўным уклонам, каторая павінна была выхоўваць патрэбнае рускаму ураду вуніяцкае духавенства. Дагэтуль вуніяцкая царква атрымоўвала духоўных асоб з рымска-каталіцкай сэмінарыі пры Віленскім унівэрсытэце.

Адбылося польскае паўстаньне 1831 году. На другі год была выдана царская пастанова аб тым, каб на Беларусі, для ўзмацненьня рускага ўплыву, замяшчаць пасады вуніяцкіх сьвяшчэньнікаў асобамі, што скончылі духоўныя сэмінарыі ў Расіі, і каб дзяцей беларускага духавенства пасылаць для адукацыі ў духоўныя школы Вялікарусі і Украіны. Увесь час ішло зачыненьне базыліяжкіх манастыроў, прыняўшых удзел у паўстаньні. Была адчынена Полацкая праваслаўная епархія, на каторую быў назначан пецябурскі вікарны епіскап Смарагд Крыжаноўскі.

Гэтая «новая мятла» пачала мясьці. З дапамогаю тутэйшых губэрнатараў, Хаванскага і Шрэдэра, і мясцовай поліцыі Смарагд пачынае вясьці «добровольные» далучэньні вуніятаў да праваслаўнай царквы. Зразумела, што пры такой дапамозе справы яго пашлі вельмі пасьпешна. На працягу менш як аднаго месяца ён далучыў да праваслаўя каля 4.000 чалавек. Было зроблена многа гвалтаў і злачынстваў. Вялікае абурэньне й злосьць падняліся ў масах. Нават Сямашка перапалохаўся, як-бы неразумны ліквідатар вуніі не сарваў яму справы. У сваім данясеньні ў Пецярбург аб далучэньнях, зробленых Смарагдам, ён піша: «Праяжджаючы цераз Беларусь, я пераканаўся, што шмат спроб (на прылучэньне да праваслаўя) былі зусім няўдалымі і паднялі ў народзе толькі фанатызм. Сам прэасьвяшчэнны Смарагд, князь Хаванскі і губэрнатар Шрэдэр прызнаюцца, што надта скора ўзяліся за аправу і згаджаюцца, што трэба прыпыніць сваю работу. Можна нават сказаць, што самыя лепшыя з гэтых далучэньняў зварочваюцца да вялікай шкоды для вуніяцкай справы». Мікалай І, даведаўшыся аб усім, што рабілася ў Полацкай епархіі, пісаў у сакрэтнай інструкцыі праваслаўным епіскапам на Беларусі адносна Смарагда так: «Прэасьвяшчэннаму Смарагду строга пацьвердзіць гэтаю папераю для карысьці самой справы і для яе цэннасьці не сьпяшацца, а рабіць вельмі асьцярожна». Адным словам, мэтод Смарагда праваліўся.