Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зрабілі падарож да папы ў Рым і там усталявалі для вуніі грунт. Гэта група праводзіла вунію на Берасьцейскім саборы, а пасьля яго пашырала і змагалася за яе на Беларусі.

Такімі самымі крокамі йшоў і царскі урад, катораму трэба было скасаваць вунію, ён пастараўся знайсьці сярод вуніяцкіх епіскапаў такіх, каторыя ўзяліся-б за ліквідацыю вуніі і пакрылі-б політычныя мэты ураду зданьню царкоўнасьці. Вельмі хутка патрэбныя епіскапы знашліся. Гэта былі—Віленскі епіскап Язэп Сямашка, беларускі епіскап Васіль Лужынскі і Полацкі—Смарагд. На чале іх стаў самы энэргічны і разумны з іх—Язэп Сямашка. Праз памянёную групу рускі урад і пачаў падгатоўку да ліквідацыі вуніі. Названыя епіскапы паказалі сябе найлепшаю зброяю ў руках ураду. Нават часам іх шчырасьць пераходзіла патрэбныя межы і была не па розуме, так што мікалаеўскаму ураду прыходзілася супыняць іх чыннасьць.

І тут, пры ліквідацыі вуніі, як і пры яе ўтварэньні пры Жыгімонце, пачалося з дакладной запіскі. У 1827 годзе Язэп Сямашка падае ураду запіску «аб стане вуніяцкай царквы ў Расіі і аб спосабах звароту вуніятаў у лона праваслаўнай царквы». Тут апавядаецца гісторыя вуніі і вызначаецца, што вунія ў далейшыя часы зрабілася тым мастом, па каторым беларускі народ пераходзіў з праваслаўя ў каталіцтва. Паступова грэцкія абрады вуніяцкай царквы зьмяніліся на лацінскія, і яна, такім спосабам, пачала зьлівацца з каталіцкаю царквою. Праз каталіцтва, у сваю чаргу, вуніяты збліжаліся з палякамі і цяпер разам з імі воража адносяцца да «маскалёў». Але справу з вуніятамі магчыма яшчэ паправіць. «Даволі толькі аддзяліць іх ад рымлян, даць пры дапамозе выхаваньня належны кірунак розуму духавенства, што займае 1.500 вуніяцкіх парафій, і народ лёгка пойдзе па шляху, паказанаму пастырамі». «Выдаленьне ад рымлян» прывядзе да збліжэньня з «маскалямі», а аддаленьне ад рымлян магчыма пры скасаваньні вуніі. Канчаецца запіска зусім выразнымі словамі: «Няхай урад перабачыць сію шчырасьць і стараннасьць, з якімі я жадаў-бы бачыць міліён з паловаю рускага народу калі ня злучаным, то прынаймней прыбліжаным, калі ня зусім дружным, то і не варожым да сваіх братоў; бачыць гэты народ шчырым да веры сваіх бацькоў, да карысьці сваёй бацькаўшчыны і да службы агульнаму айцу-гаспадару».

Вуніяцкая царква ў 30-ыя годы складалася з чатырох епархій: Берасьцейскай, Віленскай, Полацкай і Луцкай. Яна кіравалася так званым другім дэпартамэнтам рымска-каталіцкай колегіі. Гэта колегія ў сваю чаргу была ў веданьні дэпартамэнту чужаземных вызнаньняў, каторы знаходзіўся пад кіраўніцтвам міністра народнай асьветы, адмірала А. С. Шышкова. У сваёй вышэйпаданай дакладной запісцы Сямашка, паміж іншым, казаў, што трэба аддзяліць вуніяцкі дэпарта