Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Русіфікацыя Беларусі.

Прылучыўшы Беларусь да імпэрыі, урад Катарыны ІІ, лічачы новы край «искони русским», паставіў сабе за мэту русіфікаваць яго і пачаў ужо гэтую справу. Але Катарына хутка памёрла, а новы урад Паўла І не падзяляў поглядаў ранейшага ураду на Польшчу і на Беларусь. Русіфікацыя Беларусі прыпынілася, і пачалося другое. Мы бачым, што на працягу першай чвэрці XIX сталецьця на Беларусі йдзе добра знаёмая краю полёнізацыя, якая праводзіцца цьвёрдаю рукою польскіх патрыотаў, на чале каторых стаяць добра вядомыя нам Чартарыскі, Чацкі і др.

Іначай стала справа ў часы мікалаеўскай эпохі, каторая будавала сваю політыку на трох падставах—праваслаўе, самадзяржаўе і народнасьць. Пад народнасьцю разумелася руская народнасьць, якая, на думку камандных кругоў, павіла была праглынуць усе другія народнасьці, каторыя дасталі назву «інародцаў». У палажэньне «інародцаў» папалі і беларусы, і ліцьвяны, і палякі, і яўрэі. У сувязі з гэтым, на Беларусі старую полёнізацыю зьмяняе русіфікацыя.

Першы плян русыфікацыі Беларусі быў утворан добра вядомым потым «вешацелем» М. Н. Мураўёвым. Пакуль што гэта проста «раскаявшийся» дзекабрысты, каторы пачынае рабіць сваю чыноўніцкую кэр’еру. Месцам яго кар'ернай чыннасьці зьяўляецца Беларусь. Летам 1827 году ён назначан Віцебскім губэрнатарам; праз год, у восень 1828 году, ён перамешчан на тую самую пасаду губэрнатара ў Магілёў, дзе і сядзіць да восені 1830 году. З пачатку паўстаньня Мураўёў пакідае губэрнатарскую пасаду і назначаецца чыноўнікам для асобых даручэньняў пры штабе рэзэрвнай арміі, каторая была ўтворана на Беларусі для падмацаваньня той арміі, якая гасіла паўстаньне ў Польшчы. Пасьля таго, як паўстаньне было задушана ў 1831 годзе, Мураўёў назначаецца на пасаду горадзенскага губэрнатара, на якім месцы ён і прабыў да 1835 году.

За ўвесь гэты час малады кар'ерысты, каб зьвярнуць на сябе увагу начальства, піша шмат усялякіх дакладных запісак наконт Польшчы і Беларусі. Для нас цікавы дзьве запіскі аб русіфікацыі Беларусі, напісаныя ім у 1831 годзе. Зьмест іх такі. Усе чыноўнікі на Беларусі, асабліва гусарскія, павінны набірацца з цэнтральнай Расіі. Іх трэба выклікаць адтуль спэцыяльнымі абвяшчэньнямі і вабіць сюды, «предоставив выгоду в чинах и содержании». Што да «туземцев», то было-б карысна «даць ім магчымасьць служыць у імпэрыі, пасла чаго, калі некаторыя з іх заслужаць давер’е начальства, то могуць дастаць пасады і на Беларусі». Каб утварыць рускі выгляд краю, трэба ўводзіць у быт рускія назвы ўстаноў, пасад, мясцовасьцяў вуліц і г. д. У рускай