Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ных, але загубілі бацькаўшчыну». З гэтых слоў ясна відаць настрой польскіх грамадзянскіх кругоў і намеры адносна Польшчы рускага ураду. Соймаваму суду за непажаданы, на погляд Мікалая, разбор справы быў зроблен выгавар, але прыгавор яго ўсё-ж такі быў зацьверджан.

5 траўня 1829 году ў Варшаве адбылася ўрачыстасьць каранацыі Мікалая І польскім каралём. Праз год (1830) у траўні адчыніўся чарговы сойм, каторы пачаў сваю бягучую працу. На адчыненьне сойму ў Варшаву зноў прыяжджаў Мікалай І і адчыніў яго сваёю прамоваю. Прамова царственага караля насіла сухі, офіцыяльны характар, не давала ніякіх, нават дэкляратыўных, абяцанак і на прысутных зрабіла няпрыемнае ўражаньне. Праца сойму пашла сваёю чаргою, але гэта была толькі знадворнасьць. У глыбіні ўжо гатаваліся сілы для паўстаньня, каторае і пачалося з восені гэтага самага 1830-га году.

Паўстаньне 1830-31 году.

Мы ўжо гаварылі аб працы патайных організацый у Польшчы і на Беларусі. Яны мелі ў сабе шмат моладзі—як студэнцкай, так і вайсковай. Цэнтрам організацый Польшчы была Варшава, Літвы і Беларусі—Вільня. Разгром дзекабрыстых у Расіі і патайных гурткоў на Беларусі ня спыніў вызваленчаскага руху на захадзе,—тым больш, што ў Польшчу рускае самаўладзтва так і не прабралася, што відаць з процэсу над членамі польскіх патайных гурткоў. Вельмі хутка пад уплывам Варшавы ўзмацняецца рух за аднаўленьне Польскай дзяржавы і на Беларусі. Тут ён атрымоўвае такіх відных ідэёвых кіраўнікоў, як профэсара Віленскага унівэрсытэту Лелевэля і польскіх песьняроў—А. Міцкевіча і Ю. Нямцэвіча.

У 1828 годзе Расія пачала Турэцкую кампанію, каторая патрабавала шмат сродкаў і сіл. Зразумела, што ўся увага рускага ураду была накіравана на поўдзень, дзе адбывалася кампанія. Надзеі польскіх вызваленцаў падняліся. Агітацыя сярод студэнцкай і вайсковай моладзі павялічылася. Момант для паўстаньня быў зручны, бо Расіі ня было магчымасьці зварачаць увагу на захад.

Улетку 1830 году рэволюцыйны вызваленчаскі настрой у Польшчы яшчэ больш падняўся, дзякуючы падзеям францускай ліпнёўскай рэволюцыі. Рэволюцыянэры спадзяваліся, што рэволюцыя з Францыі перакінецца ў другія гаспадарствы і дакоціцца да Польшчы. Рэволюцыя адразу перакінулася ў Бэльгію. Рэакцыйны урад Мікалая І ня мог ня прыняць дзейнага удзелу ў пагашэньні рэволюцыі. У восень 1830 году ў Варшаву з Пецярбургу прышоў загад прывясьці ў баявую гатоўнасьць польскую армію і накіраваць яе на захад, каб задушыць бэльгійскую рэволюцыю. Зразумела, што гэты загад пагражаў