Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

торых віцебскіх і паўднёва-магілеўскіх шляхтаў, усе іншыя прысягнулі Наполеону» (Шильдер. Николай І, т. І, стр. 68).

Заняўшы царскі пасад, Мікалай ня раз адкрыта казаў, што ён не згаджаецца з сваім прадмесьнікам наконт польскай політыкі і што яго нават абурае дараваньне Аляксандрам I канстытуцыі польскім землям. Адмоўна адносячыся да ўсякага парлямэнтарызму, ён лічыць вельмі шкадлівым для неабмежаванай імпэрыі мець яго пад бокам. Абсолютызм новага імпэратара быў так яскрава выразным, што нам зразумелы ўсе гэтыя заявы.

Не прашло і некалькіх месяцаў, як мы ўжо бачым, што паміж царом і яго намесьнікам у Польшчы, Канстантынам Паўлавічам, вынікаюць непаразуменьні. Ня гледзячы на ўсю сваю сумбурнасьць і нетактоўнасьць, Канстантын у польскім пытаньні трымаўся лініі лібэральнай політыкі. Польскую дзяржаўнасьць, на яго погляд, трэба зьберагчы. Для імпэрыі карысна мець у Польшчы буфэр, настрой камандных кругоў каторага пакірован у бок Расіі. Што датычыць да меж Польшчы, то іх трэба пашырыць, аддаўшы польскаму куртатаму каралеўству тэрыторыю Літвы і Беларусі. Адным з мотываў такіх поглядаў Канстантын на польскую політыку было жаданьне пашырыць свой асабісты ўплыў на ўсход і ўзмацніць сваю уладу намесьніка. Само сабою зразумела, што Мікалай І не згаджаецца з поглядам Канстантына. Яго прынцып—гэта прынцып Катарыны ІІ. Расія вярнула сабе свае ўласныя «отторженные» калісь землі і павінна цяпер моцна трымаць іх у сваіх руках. Калі польская дзяржаўнасьць прызнана Венскім конгрэсам, то з гэтым пакуль што прыходзіцца мірыцца, але ні ў якім выпадку ня можна дапускаць думкі аб тым, што Літва і Беларусь павінны ўвайсьці калі-небудзь у склад польскага гаспадарства. Літва і Беларусь гэта «исконные» рускія землі.

Супярэчнасьці паміж намесьнікам польскага каралеўства і Мікалаем І вынікаюць з-за дробных здарэньняў, але ў гэтых драбніцах выяўляюцца прынцыповыя погляды таго і другога. Канстантын быў галоўнакамандуючым польскай арміі, разам з тым ён быў і камандзірам так званага Літоўскага корпусу на Беларусі. Як гэта было звычайна ў мікалаеўскія часы, з Пецярбургу быў дадзен загад перамяніць форму мундзіраў Літоўскага корпусу. Канстантын прапанаваў, каб Літоўскаму корпусу былі дадзены мундзіры з польскімі адзнакамі і афарбоўкай. Мікалай, наадварот, даў загад, каб мундзіры корпусу мелі рускія адзнакі і афарбоўку. Гэта было зроблена, па заяве Мікалая, затым, каб ня даць польскім патрыётам нават намёкаў на магчымасьць якой-небудзь блізкасьці Літвы і Беларусі да Польшчы.

У свой час, калі падняўся рух дзекабрыстых, то ён стаў у сувязь з рухам за адбудаваньне Польшчы. Пасьля разгрому паўстаньня па